2014-09-08 10:32:21

Святы Айцец: нельга заставацца пасіўнымі перад абліччам “бессэнсоўных бойняў”


RealAudioMP3 Павага, дыялог і супрацоўніцтва – гэта тая зброя, якой можна перамагчы войны, падкрэсліў Пантыфік у пасланні скіраваным да ўдзельнікаў “Міжнароднай сустрэчы за мір”, якая праходзіць 7-9 верасня 2014 г. у бельгійскім Антверпене па ініцыятыве экуменічнай Супольнасці св. Эгідзія. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, а таксама лідэры іншых рэлігій. Зварот папы Францішка быў прачытаны падчас цырымоніі адкрыцця форума. У ім Святы Айцец звярнуў увагу на трываючыя ў свеце канфлікты, нагадаўшы, што яны адбываюцца ў перыяд калі свет успамінае пра 100-годдзе пачатку І Сусветнай вайны. “Гэты юбілей вучыць нас таму, што вайна ніколі не з’яўляецца задавальняючым сродкам для аднаўлення справядлівасці і дасягнення ўраўнаважных вынікаў у палітычных і сацыяльных нязгоднах”. Кожная вайна – гэта “бессэнсоўная бойня”, нагадаў Францішак словы Бэнэдыкта XV, прамоўленыя ў 1917 г. “Вайна зацягвае народы ў спіраль насілля, якое потым цяжка кантраляваць, разбурае тое, што цэлыя пакаленні будавалі і рыхтуе глебу для несправядлівасцяў і яшчэ горшых канфліктаў”, падкрэсліў ён.

Не называючы канкрэтных месцаў, дзе сёння знішчаюцца жыцці моладзі і пажылых, разбураецца мірнае жыццё этнічных і рэлігійных груп, прымушаюца да выгнання цэлыя супольнасці, Святы Айцец падкрэсліў, што нельга заставацца пасіўнымі перад абліччам шматлікіх пакут і “бессэнсоўных бойняў”. Для вайны заўсёды ёсць альтэрнатыва – гэта дыялог, сустрэча і шчыры пошук праўды, перакананы Пантыфік.

Францішак заклікаў рэлігійных лідэраў, сабраных у Бельгіі, супрацоўнічаць у справе “лячэння ранаў, вырашэння канфліктаў” і быць людзьмі супакою. Нашы супольнасці няхай будуць “школамі павагі і дыялогу з іншымі этнічнымі і рэлігійнымі групамі, месцамі ў якіх вучацца пераўзыходзіць напружанасці, спрыяць раўным і мірным адносінам паміж людзьмі і сацыяльнымі групамі і будаваць лепшую будучыню для надыходзячых пакаленняў”, пажадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.