2014-09-07 15:09:59

Папа перад “Анёл Панскі”: папраўляючы брата – памятаць аб уласнай грахоўнасці


RealAudioMP3 Перш чым папраўляць свайго бліжняга, неабходна ўзгадаць, што самі з’яўляемся грэшнікамі і патрабуем Божага прабачэння, – такую параду папа Францішак даў вернікам перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 7 верасня 2014 г. “Евангелле гэтай нядзелі – 18 раздзел паводле св. Мацвея – знаёміць з тэмай братэрскага папраўлення ў супольнасці вернікаў: якім чынам я павінен папраўляць іншага хрысціяніна, калі ён робіць нешта нядобрае, – сказаў Папа. – Езус нас вучыць, што калі мой брат-хрысціянін, становіцца вінаватым перада мной, абражае мяне, то трэба адносіцца да яго з любоўю, перш за ўсё, размаўляючы з ім асабіста, тлумачачы, што яго ўчынкі ці словы – нядобрыя. А калі брат не слухае мяне? Езус раіць дзейнічаць паступова: напачатку, зноў паразмаўляць у прысутнасці двух ці трох асобаў, каб ён больш усвядоміў учыненую памылку; калі, нягледзячы на гэта, не паслухаецца, неабходна сказаць Касцёлу; а калі не паслухаецца Касцёла, трэба дапамагчы яму ўсвядоміць той падзел і раскол, які ён сам справакаваў, праз аддаленне яго ад супольнасці братоў у веры.

Этапы гэтага шляху ўказваюць на патрабаванні, аб якіх Пан просіць свой Касцёл, дзеля суправаджэння тых, хто памыляецца, каб яны не згубіліся. Неабходна, перш за ўсё, пазбягаць ляманту і пляткарства ў супольнасці – гэта першае, чаго неабходна пазбягаць. “Пайдзі і дакары яго сам-насам” (Мц 18,15). Неабходна далікатнасць, разважлівасць, пакора, увага да тых, хто правініўся, каб словы не ранілі і не забівалі брата. Вы ведзь ведаеце, што таксама і словы забіваюць! Калі я нагаворваю, калі несправядліва крытыкую, калі “аблупліваю” свайго брата мовай – гэта забівае яго імя! Таксама і словы забіваюць. Будзем уважлівымі да гэтага. Прапанова паразмаўляць сам-насам, мае на мэце не забіваць бессэнсоўна грэшніка: паразмалялі паміж сабой, ніхто не чуў, і кончана!

У святле гэтай патрэбы, можна зразумець таксама і серыю наступных дзеянняў, якія прадугледжваюць далучэнне некаторых сведкаў і нарэшце супольнасці вернікаў. Мэта гэтага ўсяго ў тым, каб дапамагчы асобе ўсвядоміць свае ўчынкі: што імі ён абразіў не толькі аднаго, але ўсіх. Але таксама і дапамагчы нам пазбавіцца ад гневу і нянавісці, якія прыносяць толькі шкоду: ад гэтай сардэчнай горычы, якая вядзе да гневу і нянавісці, абразаў і нападак. Вельмі непрыемна бачыць, калі з вуснаў хрысціяніна выходзяць абразы і агрэсія. Гэта кепска. Зразумела? Ніякіх абразаў! Абразы – гэта не па-хрысціянску.

На самой справе, перад Богам мы ўсе грэшнікі, патрабуючыя прабачэння. Усе. Таму Езус казаў: не судзіце. Братэрскае папраўленне – гэта адзін з аспектаў любові і адзінства, якія павінны панаваць у хрысціянскай супольнасці, гэта ўзаемнае служэнне, якое можам і павінны аказваць адно аднаму. Папраўляць брата – гэта служэнне, і яно становіцца магчымым і плённым, толькі калі кожны прызнае сябе самаго грэшнікам і патрабуючым прабачэння Пана. Сумленне, якое дапамагае мне бачыць памылкі іншых, яшчэ перад гэтым нагадвае, што я сам памыляўся і памыляюся вельмі часта.

Таму, на пачатку св. Імшы, кожны раз мы запрашаемся вызнаць перад Богам, што з’яўляемся грэшнікамі, выказваючы словамі і жэстамі шчырае сардэчнае пакаянне. Мы кажам: “Пане, змілуйся нада мною. Я грэшнік! Спавядаюся Богу Усемагутнаму са сваіх грахоў”, але не так: “Пане, змілуйся над тымі, хто стаіць побач са мною, бо яны грэшнікі”. Не! “Змілуйся нада мною!”. Мы ўсе грэшнікі і патрабуем прабачэння Пана. Гэта Святы Дух прамаўляе да нашай душы і дапамагае вызнаць нашы правіны ў святле слова Езуса. І менавіта сам Езус запрашае ўсіх нас, святых і грэшнікаў, на сваю вячэру, збіраючы на скрыжаваннях дарог, з розных жыццёвых сітуацый (пар. Мц 22,9-10). Сярод характарыстык, якія аб’ядноўваюць удзельнікаў эўхарыстычнай цэлебрацыі, ёсць дзве фундаментальныя – дзве характарыстыкі, добрага ўдзелу ў Імшы: мы ўсе грэшнікі і Бог дае сваю міласэрнасць усім. Гэта дзве характарыстыкі, якія адкрываюць дзверы, для добрага ўдзелу ў Імшы. Мы павінны заўсёды памятаць аб гэтым, перш чым пачаць па-братэрску папраўляць брата. Папросім аб усім гэтым праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, літургічны ўспамін нараджэння якой, будзем цэлебраваць заўтра”.

Пасля марыйнай малітвы, Пантыфік яшчэ раз нагадаў, што 8 верасня Касцёл будзе адзначаць свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. “А што трэба рабіць калі маці адзначае Дзень нараджэння? Скласці ёй віншаванні. Заўтра раніцай не забудзьце сэрцам і вуснамі павіншаваць Маці Божую”, - заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.