2014-09-06 12:18:13

Арцыбіскуп Тамазі: змешваць рэлігію, палітыку і вайсковую дзейнасць – неправільна


RealAudioMP3 Прапанова былога Прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса, аб стварэнні “Арганізацыі Аб’яднаных Рэлігій” на чале з папам Францішкам, сведчыць пра тое, што Пантыфік успымаецца не толькі ў якасці лідэра Каталіцкага Касцёла, але таксама ў якасці сімвалу рэлігіі ў сучасным свеце і “штандару” усяго таго добрага, што рэлігія павінна несці ў свет. Такое меркаванне выказаў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Сільвана Тамазі ў інтэрв’ю італьянскаму выданню “Famiglia Cristiana”. На думку дыпламата, прапанова былога ізраільскага лідэра – гэта прызнанне глабальнага служэння, якое Папа ажыцяўляе сёння, перад абліччам шматлікіх канфліктаў і войнаў, трываючых у розных частках планеты.

“Неабходна ўсведамляць, што сёння войны вядуцца не краінамі, а недзяржаўнымі групамі. Гэты крызіс насілля, гэтыя палаючыя ачагі ў розных кутках свету, ставяць у адзін бок – афіцыйныя ўрады, а ў іншы, гэтыя групы, якія змагаюцца, як супраць афіцыйных урадаў, так і паміж сабой. Гэты феномен – новы, і міжнародная супольнасць павінна паставіцца да яго сур’ёзна, аналізуючы магчымасці супрацьстаяння яму. Наконт гэтага Святы Айцец выказаўся, апавядаючы пра “сусветную вайну па частках” – гэта значыць ён усвядоміў дадзеную перамену: розныя групы спрабуюць дасягнуць сваіх мэтаў не столькі праз перамовы і дыялог, колькі праз сілу”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі. На думку ватыканскага дыпламата, у дадзеным кантэксце часта выкарыстоўваецца рэлігійны фактар, а з дапамогай псеўдарэлігійнай ідэалогіі адбываецца здабыццё палітычнай і эканамічнай улады.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пра ААН таксама заўважыў, што ў сённяшнім свеце важна захоўваць раўнавагу ў адносінах паміж рэлігіяй і палітыкай, бо інакш узнікае рызыка такога змяшэння, ад якога будзе яшчэ больш шкоды. Дыпламат прызнаў, што ААН мае свае абмежаванні і важным з’яўляецца правядзенне рэформы, якая зробіць гэты міжнародны орган больш эфектыўным. Гаворка пра гэта ідзе ўжо на працягу доўгага часу, падкрэсліў ён. Але адначасова, змешваць у адно рэлігію і палітыку, на яго думку, гэта пройдзены гістарычны этап.

“Важна, каб розныя рэлігіі размаўлялі паміж сабой і вялі дыялог ў поўнай свабодзе і незалежнасці, дзеля сумеснай працы на карысць стварэння такой ментальнасці ў сучасным свеце, якая прывядзе да будавання агульнай пазітыўнай і салідарнай будучыні чалавечай сям’і. Але змешваць рэлігію, палітыку і вайсковую дзейнасць, на маю думку – неправільны шлях. У канцы канцоў, місія рэлігіі адрозніваецца ад, няхай і шляхетнага, палітычнага служэння. Яна павінна заўсёды заставацца адкрытым, свабодным, дабраахвотным пасланнем, у якім перакананасць у праўдзе прыводзіць да добрых адносін да сябе і да іншых”, - сказаў дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.