2014-09-05 16:41:06

“Хрысціянін і права”. Эўхарыстыя (IV)


Сённяшнія нашыя разважанні мы прысвяцім захоўванню і культу Найсвяцейшай Эўхарыстыі, якія вельмі распаўсюджаны у лацінскім Касцёле. Многія католікі, знаходзячыся першы раз у нейкім касцёле, адразу пачынаюць шукаць чырвоную лямпачку і табернакулюм, бо менавіта гэта найважнейшае месца ў кожным касцёле, там захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Існуе норма права, якая гаворыць аб тым, што Найсвяцейшая Эўхарыстыя павінна захоўвацца ў Катэдральным Касцёле або ў прыраўненым да яго, а таксама ў кожным парафіяльным касцёле, таксама як і ў касцёле або капліцы ў доме манаскага інстытута або супольнасці апостальскага жыцця, таксама можа захоўвацца ў біскупскай капліцы, а таксама з дазволу ардынарыя месца, у іншых касцёлах і капліцах. Можа для Беларусі гэта норма гучыць трохі дзіўна, бо ў нас амаль усе касцёлы парафіяльныя, але на свеце даволі часта здараюцца сітуацыі, калі будынак касцёла не ўжываецца ў парафіяльных мэтах, і тады менавіта ардынарый месца павінен вырашыць, ці патрэба там захоўваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, ці няма ніякай небяспекі для яго захоўвання, бо ў тых месцах, дзе захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя, заўсёды павінен быць той, хто клапоціцца аб ёй, і, калі магчыма, святар павінен цэлебраваць там Імшу па меншай меры два разы ў месяц.

Калі няма сур’ёзнай перашкоды, то касцёл, у якім захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя, павінен быць штодзённа хаця б на некалькі гадзін адчынены для вернікаў, каб яны маглі аддавацца малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Табернакулюм, у якім захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя, павінен знаходзіцца ў асаблівай частцы касцёла або капліцы: годнай, лёгка заўважальнай, аздобленай ўпрыгожваннямі і падыходзячай да малітвы, ён павінен быць нерухомы, выкананы з трывалага непразрыстага матэрыяла і замкнёны такім чынам, каб як мага больш надзейна пазбегнуць небяспекі прафанацыі. Той жа, хто клапоціцца аб касцёле або капліцы, павінен сачыць за тым, каб ключ ад табернакулюма, у якім захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя, захоўваўся вельмі дакладна. Перад табернакулюмам, у якім захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя, павінна заўсёды свяціцца асаблівая лампада, якая азначае і ўшаноўвае прысутнага Хрыста.

Таксама ў лацінскім касцёле, як мы добра ведаем, распаўсюджанай з’яўляецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Рэкамендуецца, каб у касцёлах і капліцах здзяйснялася ўрачыстае выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту на адпаведны тэрмін, нават з перапынкамі, каб мясцовая супольнасць больш глыбока разважала аб эўхарыстычнай таямніцы і больш старанна яе адаравала; аднак такое выстаўленне павінна здзяйсняцца толькі тады, калі прадугледжваецца наплыў адпаведнай колькасці вернікаў, захоўваючы пры гэтым устаноўленыя нормы, нельга дапускаць такой сітуацыі, калі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам доўгі час нікога няма. Распарадчыкам выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычнага благаслаўлення з’яўляецца святар і дыякан; пры асаблівых абставінах, распарадчыкам толькі выстаўлення і схавання, але не благаслаўлення, з’яўляецца акаліт, надзвычайны распарадчык Святой Камуніі або іншая асоба, прызначаная ардынарыем месца.

Яшчэ хацелася б некалькі слоў прысвяціць ахвяраванням, якія складаюцца пры ахвяраванні Святых Імшаў. Паводле зацверджанага звычаю Касцёла, кожнаму святару, які цэлебруе або канцэлебруе Імшу, дазваляецца прымаць грашовыя ахвяраванні, каб ён служыў Імшу ў пэўнай інтэнцыі. Як заўсёды, з аднаго боку, справа грашовая вельмі далікатная, трэба старацца пазбягаць розных надужыванняў, звязаных з гэтым, але з другога боку, нашым абавязкам як вернікаў, з’яўляецца клопат аб нашым касцёле. Трэба ведаць, што вернікі, якія прыносяць ахвяры, каб Імша была адслужана паводле іх інтэнцыі, садзейнічаюць дабру Касцёла і дзякуючы гэтаму ахвяраванню ўдзельнічаюць у яго клопаце аб утрыманні святароў і іншых спраў. Таксама і святар, прымаючы ахвяру, прымае на сябе вельмі паважны абавязак адслужыць Святую Імшу ў пэўнай інтэнцыі, ён захоўвае гэты абавязак нават у тым выпадку, калі прынятыя ахвяраванні зніклі не з яго віны.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы пачнём гаворку аб нормах, якія датычаць цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння. А на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.