2014-09-05 16:45:39

“Хрысціянін і права”. Сужэнства (І)


RealAudioMP3 Сёння ў нашай праграме мы пачынаем разважанні над сакрамэнтам сужэнства. Хрысціянскае сужэнства – гэта вобраз саюза Хрыста з Касцёлам, аб гэтым сакрамэнце можна казаць вельмі многа, толькі ў нашай перадачы, як звычайна, мы больш падрабязна застановімся менавіта над нормамі касцёльнага права, якія рэгулююць цэлебрацыю гэтага сакрамэнту. Перад тым, як разважаць аб гэтых нормах, варта адказаць сабе на пытанне – а што ж такое сужэнства? Адказаць на гэта пытанне нам дапаможа непасрэдна 1055-ы канон кодэксу, які гаворыць, што сужэнства – гэта саюз, праз які мужчына і жанчына ўстанаўліваюць паміж сабой супольнасць усяго жыцця, скіраваную па сваёй натуры да дабра сужонкаў, а таксама да нараджэння і выхавання патомства, а паміж ахрышчанымі такі саюз узнесены Хрыстом да годнасці сакрамэнту. Варта засяродзіць сваю ўвагу над гэтымі словамі. Па-першае, кодэкс падкрэслівае, што сужэнствам можна назваць толькі саюз мужчыны і жанчыны. Ніякія іншыя саюзы не маюць нічога супольнага з сужэнствам. Па-другое, у гэтым саюзе мужчына і жанчына ствараюць паміж сабой супольнасць усяго жыцця, і калі добра задумацца над гэтымі словамі, то ўбачым, што гаворка ідзе не толькі аб часовым вымярэнні (тады б мы казалі супольнасць на ўсё жыццё), але таксама і аб вымярэнні матэрыяльным, духоўным, псіхічным і г.д. Па-трэцяе, тэкст гаворыць аб мэтах сужэнства – яно скіравана для дабра саміх сужонкаў, а таксама для нараджэння і выхавання патомства – гэтыя мэты цесна звязаныя паміж сабой.

Далей тэкст канону гаворыць аб тым, што паміж ахрышчанымі гэты саюз узнесены да годнасці сакрамэнту, і больш таго, паміж ахрышчанымі не можа ўстанавіцца ніякага іншага сапраўднага сужэнскага саюз, які не быў бы сакрамэнтам. І гэта бывае даволі цяжка зразумець сённяшнім хрысціянам. Вельмі часта людзі пытаюцца – чаму мы павінны вянчацца? Мы яшчэ не гатовыя, мы распісаліся ў ЗАГСе, і гэтага дастаткова, а можа што-небудзь здарыцца, а ў Касцёле няма разводаў і г.д. Хрыстус пакінуў нам новую запаведзь любові – любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас. А Ён палюбіў нас да канца, Ён аддаў сваё жыццё за нас на крыжы, і стаўшыся праз сакрамэнт хросту ўсыноўленымі Божымі дзецьмі, мы таксама становімся здольнымі да такой Божай любові, мы таксама становімся здольнымі аддаваць сваё жыццё за іншых. Але гэта немагчыма зрабіць без Божай ласкі, якую Ён дае ў сакрамэнце сужэнства, менавіта таму паміж хрысціянамі можна існаваць толькі такі сужэнскі саюз, які з’яўляецца сакрамэнтам.

Істотнымі элементамі сужэнства з’яўляюцца яго адзінства і неразрыўнасць. Неразрыўнасць сужэнства азначае тое, што сужэнская повязь звязвае сужонкаў да смерці аднаго з іх, і ніякая чалавечая ўлада не можа разарваць сапраўдна заключанае сужэнства. Адзінства сужэнства азначае, што сужэнскі саюз заключаецца адначасова паміж адным мужчынам і адной жанчынай, выключаючы ўсе іншыя магчымасці (адзін мужчына з некалькімі жанчынамі ці адна жанчына з некалькімі мужчынамі). Натуральна, што сужэнства трывае да смерці аднаго з бакоў, і пасля смерці аднаго з бакоў другі бок можа заключыць яшчэ раз сужэнскі саюз.

Але што ўтварае сужэнства? Сужэнства ўтварае згода бакоў паміж асобамі, законным чынам здольнымі для гэтага, і выказаная паводле права, і гэтую згоду не можа замяніць ніякая чалавечая ўлада. Менавіта сужэнская згода – акт волі, праз які мужчына і жанчына неразрыўным запаветам узаімна аддаюцца адзін аднаму і прымаюць адзін аднаго для заключэння сужэнства, нараджае сапраўднае сужэнства. Таму калі мы гаворым, напрыклад, аб неахрышчаных асобах, якія не могуць заключыць сакрамэнту сужэнства, але выказалі пэўным законным чынам сваю волю (напрыклад, у ЗАГСе), то такое сужэнства прызнаецца сапраўдным для Касцёла. Можа для некага гэта пакажацца дзіўным – чаму, калі ахрышчаныя распісваюцца ў ЗАГСе, іх сужэнства для Касцёла з’яўляецца несапраўдным, а калі гэта робяць неахрышчаныя, то сапраўдным, але тут ёсць свая Божая логіка, аб якой мы ўжо казалі – што ахрышчаныя, на моцы атрыманага сакрамэнту хросту, здольныя да нечага намнога большага, чым проста рэгістрацыя сваіх адносінаў у ЗАГСе, а асобы неахрышчаныя не маюць магчымасці павянчацца, менавіта таму Касцёл прызнае такое сужэнства, на якое яны здольныя.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы пагаворым аб пастырскай апецы і аб дзеяннях, якія неабходна зрабіць перад заключэннем сужэнства. А на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.