2014-09-05 16:41:32

“Хрысціянін і права”. Сакрамэнт пакаяння (І)


У сённяшняй нашай перадачы мы пачынаем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту пакуты і пакаяння. Менавіта ў гэтым сакрамэнце вернікі, вызнаючы грахі легітымнаму распарадчыку, жалуюць за іх і, маючы намер выправіцца, праз адпушчэнне грахоў, дадзенае тым самым распарадчыкам, атрымліваюць ад Бога адпушчэнне грахоў, здзейсненых пасля хросту, і адначасова паядноўваюцца з Касцёлам, якому яны сваімі грахамі нанеслі раны.

Напэўна, усе мы добра ведаем, што індывідуальная і поўная споведзь і адпушчэнне грахоў з’яўляюцца адзіным звычайным спосабам, праз які вернік, свядомы цяжкага граху, паядноўваецца з Богам і Касцёлам; толькі фізічная або маральная немагчымасць вызваляюць ад такой споведзі, у гэтым выпадку паяднанне можа ажыццяўляцца іншымі спосабамі. Якія ж гэта іншыя спосабы і калі яны могуць ажыццяўляцца? Першы такі надзвычайны спосаб - адпушчэнне грахоў адразу некалькім пенітэнтам без папярэдняй індывідуальнай споведзі (так званае агульнае адпушчэнне грахоў). Такім спосабам цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння можа ажыццяўляцца ў наступных сітуацыях - па-першае, пагражае небяспека смерці, і час не дазваляе святару або святарам выслухаць споведзь кожнага пенітэнта паасобку. Класычны прыклад такой сітуацыі – знаходжанне многіх людзей на статку, калі пачынаецца крушэнне статку. Ясна, што існуе небяспека смерці, магчыма існуюць некалькі святароў на гэтым статку, але няма магчымасці ў кожнага з іх выслухаць споведзі кожнага пасажыра, у такой сітуацыі дапускаецца супольнае адпушчэнне грахоў. Другая сітуацыя - існуе паважная неабходнасць, гэта значыць тады, калі ўлічваючы колькасць пенітэнтаў не хапае дастатковай колькасці спаведнікоў для таго, каб адпаведным чынам выслухаць споведзь кожнага пенітэнта паасобку на працягу разумнага тэрміну, з-за чаго пенітэнты без уласнай віны павінны доўгі час заставацца без сакрамэнтальнай ласкі або святой камуніі. Напрыклад, успомнім часы недалёкага мінулага нашай краіны – прыязжаюць людзі з нейкай тэрыторыі на некалькі гадзін у горад, дзе ёсць святар. Людзей многа, а час абмежаваны. Калі людзі не паспавядаюцца і вернуцца дадому, то ніхто не ведае, калі ў іх будзе магчымасць яшчэ раз прыступіць да споведзі, таму ў такой сітуацыі таксама дапускаецца магчымасць супольнага адпушчэння грахоў. Аднак такая неабходнасць, аб якой я толькі што сказаў, не лічыцца дастатковай, калі спаведнікоў не хапае толькі па прычыне вялікай колькасці пенітэнтаў, якая мае месца ў сувязі з якім-небудзь вялікім святам або пілігрымкай – напрыклад, усе мы ведаем, якія чэргі да споведзі збіраюцца на нейкім адпусце, напрыклад, у Будславе, часамі прыходзіцца даволі доўга чакаць сваёй чаргі да споведзі, але тут нішто не перашкаджае чалавеку вярнуцца ў сваю парафію і паспавядацца, неабавязкова гэта рабіць у Будславе, таму ў такой сітуацыі агульнае адпушчэнне грахоў не дазваляецца.

Але такое супольнае адпушчэнне грахоў не робіцца аўтаматычна – гэта значыць, не ўсе тыя, хто знаходзіцца ў гэты час у месцы, дзе святар дае такое адпушчэнне грахоў, яго атрымліваюць. Для таго, каб вернік мог сапраўдным чынам атрымаць сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў, дадзенае адразу некалькім пенітэнтам, ад яго патрабуецца не толькі адпаведная духоўная дыспазыцыя, але і намер у адпаведны час вызнаць паасобку тыя цяжкія грахі, якія ў цяперашні момант ён не можа вызнаць, гэта азначае, што той, каму былі адпушчаныя цяжкія грахі праз агульнае адпушчэнне грахоў, павінен як мага хутчэй пры першай магчымасці здзейсніць індывідуальную споведзь, перад тым, як прыняць яшчэ адно агульнае адпушчэнне грахоў, хіба што гэтаму перашкодзіць справядлівая прычына.

Варта яшчэ заўважыць, што для прыняцця сакрамэнту споведзі адпаведным месцам з’яўляецца касцёл або капліца. Часамі могуць здарацца выключныя сітуацыі, але агульнае правіла гаворыць, што спавядацца трэба менавіта ў касцёле і капліцы, і не належыць прымаць споведзі па-за месцам споведзі без справядлівай прычыны. Больш дакладныя ўмовы павінна акрэсліць Канферэнцыя Біскупаў, але з такой умовай, каб у даступным месцы заўсёды меліся б канфесіяналы з зафіксіраванай кратай паміж пенітэнтам і спаведніком, каб імі маглі свабодна карыстацца вернікі, якія гэтага жадаюць.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем нашу гаворку пра нормы, якія датычаць цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.