2014-09-05 16:43:50

“Хрысціянін і права”. Пасвячэнне


У сённяшняй нашай перадачы мы пачнём разважанні над нормамі права, якія рэгулююць парадак удзялення сакрамэнту пасвячэння. Кожны хрысціянін павінен ведаць, праз сакрамэнт хросту мы становімся ўдзельнікамі святарскай місіі Хрыста, маем так званае агульнае святарсва, але з Божага ўстанаўлення існуе таксама ў Касцёле сакрамэнт пасвячэння, які мае незгладжальны характар такі як хрост і канфірмацыя, г.зн. што можа быць удзелены толькі адзін раз у жыцці, і праз гэты сакрамэнт некаторыя сярод вернікаў становяцца святымі распарадчыкамі, а менавіта, пасвячаюцца і прызначаюцца для таго, каб, кожны ў сваёй ступені, у асобе Хрыста Галавы пасвіць Народ Божы, выконваючы настаўніцкае, асвячальнае і валадарнае заданне, такім чынам становяцца ўдзельнікамі службовага святарства.

Сакрамэнт пасвячэння мае тры ступені – дыяканат, прэзбітэрат і біскупства. Кожнае пасвячэнне адбываецца праз накладанне біскупскіх рук і кансэкрацыйную малітву, але таксама кожнае з пасвячэнняў мае свае асаблівасці, аб якіх мы пагаворым трохі пазней.

Як і дзе адбываецца пасвячэнне і хто яго ўдзяляе? Паводле прадпісанняў Касцёла, добра было б, калі яно адбывалася падчас Святой Імшы ў нядзелю або ў абавязковае свята, але па пастырскіх прычынах можа адбывацца таксама і ў іншы дзень. Справа ў тым, што пасвячэнне – гэта заўсёды вялікая ўрачыстасць для ўсяго мясцовага Касцёла, і звычайна на гэту ўрачыстасць збіраюцца шматлікія госці, таксама і святары, але менавіта ў святароў у нядзелю найбольш працы і вельмі цяжка бывае пакінуць сваю парафію, таму для пасвячэнняў звычайна выбіраецца іншы дзень, у Беларусі гэта часцей за ўсё субота. Што датычыць месца ўдзялення пасвячэння, то наогул пасвячэнне павінна быць цэлебравана ў Катэдры, аднак зноў па пастырскіх прычынах можа адбывацца таксама ў іншым касцёле або капліцы, каб як мага большая колькасць вернікаў магла ўдзельнічаць у гэтай ўрачыстасці.

Распарадчыкам святога пасвячэння з’яўляецца кансэкраваны біскуп. І калі б так сталася, што на чале мясцовага Касцёла стаіць не біскуп, а святар (мы ўжо разважалі аб такіх магчымасцях), то ён заўсёды павінен знайсці якога-небудзь біскупа, каб той удзяліў пасвячэння. Але калі гаворка ідзе аб біскупскім пасвячэнні, то ніякаму Біскупу не дазваляецца кансэкраваць каго-небудзь на Біскупа, пакуль ён не ўпэўніцца ў наяўнасці папскага мандату – спецыяльнага дакументу, у якім Святы Айцец прызначае пэўнага святара біскупам. Больш таго, біскупскае пасвячэнне павінны ўдзяляць па меншай меры тры біскупы (хіба што Святы Айцец дасць дыспенсу ад гэтага), адзін з біскупаў з’яўляецца галоўным кансэкратарам. Калі гаворка ідзе аб удзяленні прэзбітэрскага або дыяканскага пасвячэння, то кожны кандыдат да прэзбітэрату або дыяканату павінен быць пасвечаны або сваім уласным біскупам або нейкім іншым біскупам, але пры наяўнасці дадзенага уласным біскупам спецыяльнага дымісарыйнага ліста. Хто ж такі ўласны біскуп кандыдата? Што датычыць дыяканскага пасвячэння, то ўласным біскупам таго, хто хоча стаць дыяцэзіяльным духоўным, з’яўляецца біскуп дыяцэзіі, дзе кандыдат мае сталае месца жыхарства або біскуп той дыяцэзіі, якой кандыдат вырашыў сябе прысвяціць – напрыклад, юнак з Мінска вырашыў прыняць сакрамэнт пасвячэння ў Віцебскай дыяцэзіі, тады яго ўласным біскупам з’яўляецца біскуп віцебскі; што датычыць прэзбітэрскага пасвячэння дыяцэзіяльных духоўных, іх уласным біскупам з’яўляецца біскуп дыяцэзіі, у якую кандыдат быў інкардынаваны пры дыяканскім пасвячэнні.

Мы ўжо казалі аб тым, што сакрамэнт пасвячэння ўдзяляе толькі біскуп. Але што рабіць у такой сітуацыі, калі біскуп або не можа з-за нейкіх прычын сам ўдзяліць сакрамэнт пасвячэння, або настаяцелем кандыдата з’яўляецца святар, а не біскуп, як напрыклад, гэта часта бывае ў выпадку інстытутаў кансэкраванага жыцця. Менавіта ў такім выпадку гаворка ідзе аб дымісарыйных лістах – спецыяльных дакументах, скіраваных да нейкага біскупа, каб ён удзяліў сакрамэнт пасвячэння. Хто можа даваць такія лісты? Для дыяцэзіяльных духоўных – іх уласны біскуп, калі ён сам не можа ўдзяліць пасвячэння, або ў выпадку адсутнасці дыяцэзіяльнага біскупа - апостальскі адміністратар, а са згоды калегіі кансультантаў – таксама дыяцэзіяльны адміністратар. Таксама старэйшы настаяцель клерыкальнага манаскага інстытута або супольнасці апостальскага жыцця папскага права мае права даць дымісарыйны ліст для дыяканскага або прэзбітэрскага пасвячэння сваім падуладным, якія паводле канстытуцый навечна або канчаткова прыпісаны да гэтага інстытута або супольнасці, г.зн. склалі вечныя або канчатковыя манаскія абяцанні. Біскуп, які ўдзяляе пасвячэнне, атрымаўшы законны дымісарыйны ліст, павінен прыступаць да пасвячэння толькі тады, калі будзе відавочна, што ліст з’яўляецца сапраўдным.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай перадачы мы разгледзем патрабаванні, якія ставяцца да кандыдатаў да пасвячэння, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.