2014-09-05 13:37:12

Апостальская Сталіца і В’етнам на парозе новых перамоваў


RealAudioMP3 Пятая працоўная сустрэча паміж прадстаўнікамі Святога Пасаду і В’етнама адбудзецца 10-11 верасня 2014 г. у Ханоі, паведаміў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. “Спатканне паслужыць паглыбленню і развіццю двухбаковых адносін паміж Апостальскай Сталіцай і В’етнамам”, - гаворыцца ў кароткім паведамленні кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду. Апошняя, чацвёртая па ліку, працоўная сустрэча дыпламатычных прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і гэтай азіяцкай краіны праходзіла 13-14 чэрвеня 2014 г. у Ватыкане. Бакі дамовіліся працягваць супрацоўніцтва і сумесныя намаганні ў накірунку паглыблення адносін. В’етнамская дэлегацыя звярнула ўвагу на паляпшэнне сітуацыі з рэлігійнай свабодай у краіне, а таксама выразіла пажаданне, каб рэлігійныя супольнасці, і ў прыватнасці Каталіцкі Касцёл, спрыялі “нацыянальнаму будаўніцтву і працэсу сацыяльна-эканамічнага развіцця” у В’етнаме.

Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы, у сваю чаргу, падзякавалі тады за магчымасць правядзення асамблеі Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі ў 2012 г. на тэрыторыі краіны і душпастырскіх візітаў папскага прадстаўніка. З боку Святога Пасаду было ваказана жаданне пераносу рэзідэнцыі апошняга непасрэдна ў В’етнам. На сённяшні дзень арцыбіскуп Леапольда Джырэллі мае рэзідэнцыю ў Малайзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.