2014-09-04 14:36:16

Шымон Перэс прапанаваў Папе ўзначаліць "Арганізацыю Аб’яднаных Рэлігій"


RealAudioMP3 4 верасня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі былога Прэзідэнта Ізраіля, 91-гадовага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, Шымона Перэса. Падчас сустрэчы, апошні падзяліўся са Святым Айцом ідэяй стварэння "Арганізацыі Аб’яднаных Рэлігій" – структуры, на яго думку, пакліканай замяніць ААН. Больш за тое, палітык прапанаваў Папе ўзначаліць новую арганізацыю. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю італьянскаму выданню “Famiglia Cristiana”, пасля размовы з Пантыфікам. На думку Шымона Перэса, пасля няўдач міжнароднай дыпламатыі, гаворка ідзе пра адзіную магчымасць спыніць пашырэнне насілля, якое прыкрываецца рэлігіяй. “У мінулым, большая частка войнаў была матывавана ідэяй нацыі. Сёння, аднак, войны перш за ўсё ўзнікаюць на рэлігійнай падставе. У той жа час, калі паглядзім навокал, можна заўважыць, што напэўна, упершыню ў гісторыі, Святы Айцец паважаецца не толькі шматлікімі людзьмі, але таксама і рознымі рэлігіямі і іх вызнаўцамі”, - сказаў Шымон Перэс.

Былы ізраільскі прэзідэнт заўважыў, што сёння ў свеце ўзнікаюць “сотні, а можа нават і тысячы, тэрарыстычных груповак”, якія жадаюць забіваць у імя Бога. “Гэта абсалютна новая вайна ў параўнанні з мінулым, як з тэхнічнага пункту гледжання, так і паводле матывацыі. Каб супрацьстаяць гэтай хвалі мы маем Арганізацыю Аб’яднаных Нацый. Гэта палітычны орган, які, аднак, не мае войскаў, як маюць дзяржавы і пераканаўчасці рэлігій. І гэта добра бачна: калі ААН пасылае на Блізкі Усход міратворцаў з Фіджыйскіх астравоў ці з Філіпін, і тых выкрадаюць тэрарысты, што можа зрабіць Генеральны сактарар? Цудоўную дэкларацыю, якая не мае такой сілы і эфектыўнасці, як маюць гаміліі Папы, які на адной плошчы св. Пятра збірае паўмільёны чалавек”, - сказаў былы палітык.

На думку Шымона Перэса, ААН сваё аджыла і сёння неабходна стварэнне "Арганізацыя Аб’яднаных Рэлігій" – “ААН рэлігій”. “Гэта быў бы найлепшы спосаб супрацьстаяць тэрарыстам, якія забіваюць у імя веры, таму што большасць людзей не падобныя на іх – яны жывуць сваёй верай нікога не забіваючы, і нават не думаючы пра гэта. Я думаю павінна існаваць "Хартыя Аб’яднаных Рэлігій", такая ж як Хартыя ААН”, - сказаў былы ізраільскі лідэр. Паводле яго, у гэтым дакуменце павінна быць дакладна прапісана, што насілле не мае нічога супольнага з рэлігіяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.