2014-09-04 13:37:07

Арцыбіскуп Тамазі: выкарыстанне сілы для спынення генацыду – законна


RealAudioMP3 “Мы ўсе члены адной сям’і, і калі парушаюцца фундаментальныя правы адной з яе частак, а мясцовыя структуры не ў стане іх абараніць, перад міжнароднай супольнасцю ўзнікае абавязак зрабіць усё магчымае для гэтага”, адзначыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, каментуючы сітуацыю на Блізкім Усходзе ў інтэрв’ю італьянскаму выданню “Corriere della sera”. Ватыканскі дыпламат перакананы: “Тэрмінова неабходна ўмяшацца, пакуль не стала вельмі позна”. Арцыбіскуп Тамазі адзначыў, што ў існуючай сітуацыі Касцёл дзейнічае праз “голас Папы”, яго звароты да міжнароднай супольнасці. Гаворачы пра словы Пантыфіка аб законнасці “спынення несправядлівага агрэсара” іерарх растлумачыў: “Калі выкарыстоўваецца сіла, каб спыніць ці прадухіліць генацыд або пагрозу катастрофы – гэта не азначае, што абвяшчаецца вайна: проста бароніцца фундаментальнае права на жыццё, якое мае кожны чалавек. Так званая “Ісламская дзяржава” выступіла супраць усёй чалавечай сям’і, а не супраць той ці іншай групы. Гаворка ідзе не пра рэлігійныя правы, але пра фундальныя правы чалавека”, - сказаў дыпламат.

Паводле прадстаўніка Святога Пасаду, на Блізкім Усходзе няма вайны паміж ісламам і хрысціянствам. “Мяснякі і іншыя баевікі так званага Халіфата, выкарыстоўваюць рэлігійную рыторыку, каб заваяваць уладу”, а ад канфлікту церпяць як вызнаўцы Хрыста, так і прадстаўнікі іншых рэлігій, адзначыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.