2014-09-02 13:11:15

Святы Пасад прадстаўлены на міжрэлігійным форуме ў Баку


RealAudioMP3 Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, а. Жан-Мары Ларан Мазас з Папскай рады па культуры, прымае ўдзел у VII Міжнароднай сустрэчы “Міжкультурны дыялог: узаемадзеянне паміж культурай і рэлігіяй”, якая 1-2 верасня 2014 г. праходзіць у азербайджанскім Баку па ініцыятыве Савета Еўропы. У форуме ўдзельнічаюць таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій, іслама, юдаізма, будызма. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё а. Ларан расказаў, што мэтай мерапрыемства з'яўляецца абмеркаванне рэлігійнага вымярэння міжкультурнага дыялогу ў трывожнай абстаноўцы ў свеце. На яго думку, сёння як ніколі важны дыялог паміж палітыкамі і рэлігійнымі лідэрамі.

“Я ўдзельнічаю ў гэтай сустрэчы прамаўляючы ад імя Каталіцкага Касцёла. Мы просім Бога аб дары міру – менавіта ў гэтым мэта рэлігіі”, - сказаў ён. Святар падкрэсліў, што ўсё хрысціянскае выхаванне накіравана на любоў, а вернікі розных канфесій пакліканы да дыялогу паміж сабой. Пры гэтым, адказныя за жыццё грамадства, на думку а. Ларана, павінны забяспечыць умовы для гэтага дыялогу. “Калі чалавек жыве ў грамадстве, якое абмяжоўвае правы веруючых яго рэлігіі, як яму весці дыялог з прадстаўнікамі іншых рэлігій у краіне?”, спытаў святар.

Паводле а. Ларана Мазаса выхаванне павінна садзейнічаць адкрытасці на іншага чалавека, нават калі ён вызнае іншую рэлігіі. Тут знаёмства з іншым чалавекам грае фундаментальную ролю, бо інакш – валодаючы фальшывымі ці непоўнымі ўяўленнямі аб суразмоўцы – усталяваць сапраўдны дыялог вельмі складана, перакананы прадстаўнік Святога Пасаду.

На думку святара, фундаментальна важнымі з’яўляюцца пытанні культурнага выхавання, свабоднага ад стэрэатыпаў, а таксама адказная праца СМІ, якія уплываюць на чалавечую свядомасць. Айцец Ларан Мазас выказаў спадзяванне, што міжрэлігійная сустрэча ў Баку паспрыяе ўмацаванню павагі паміж рэлігіямі і будзе садзейнічаць знаёмству паміж імі. Важную ролю ў гэтым працэсе, на яго думку, граюць дыялог паміж адказнымі за культурнае выхаванне і душпастырамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.