2014-08-28 16:27:03

Частка кубінскай рэлігійнай гісторыі з’явілася ў Ватыкане


RealAudioMP3 28 жніўня 2014 г. частка рэлігійнай гісторыі Кубы знайшла сваё месца ў Ватыканскіх садах. Копія статуэткі Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ, апякункі вострава, была ўстаноўлена недалёка ад ватыканскай вежы св. Яна. Цырымонію ўзначаліў кардынал Тарчызіа Бэртонэ, былы Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, які нагадаў, што Панна Марыя “у лацінаамерыканскай гісторыі стала голасам патрэбы народа ў знаёмстве з Добрай Навіной і далучэнні да веры ў Езуса Хрыста”. “У ёй сустрэліся, у таямнічай плённасці, жаданне чалавецтва і абяцанне Бога”, - падкрэсліў пурпурат.

З устанаўленнем статуэткі Апякункі кубінскага народа ў Ватыканскіх садах, паводле кардынала Бэртонэ, зараджаецца глыбокая духоўная сувязь паміж санктуарыем Эль-Кобрэ і Ватыканам. Пурпурат таксама запэўніў прысутных у благаслаўленні папы Францішка і Бэнэдыкта XVI, які наведваў санктуарый Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ падчас падарожжа на Кубу.

Са свайго боку, старшыня кубінскага епіскапату і арцыбіскуп Сант’яга-дэ-Куба Дыянісій Ібанэз нагадаў гісторыю з’яўлення цудоўнай фігуркі Маці Божай, якая была знойдзена трыма юнакамі ў водах Нэйпскай затокі напачатку XVII ст. Іерарх расказаў пра вялікія цяжкасці, якія народ Кубы павінен быў перажыць на працягу стагоддзяў і падкрэсліў, што ў гэтых умовах Маці Божая заўсёды была падтрымкай для людзей.

Прысутны на цырымоніі кіраўнік Губернатарата Ватыкана кардынал Джузэпэ Бэртэла адзначыў, што фігурка Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ будзе дасяжнай для турыстаў і пілігрымаў, якія наведаюць Ватыканскія сады.








All the contents on this site are copyrighted ©.