2014-08-28 12:53:10

Патрыярхі Усходніх Цэркваў заклікаюць да асуджэння злачынстваў джыхадзістаў


RealAudioMP3 Патрыярхі і епіскапы Усходніх Цэркваў асуджаюць “злачынствы супраць чалавецтва” здзейсненыя тэрарыстамі “Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванды” супраць хрысціян, язідаў і іншых меншасцяў, гаворыцца ў паведамленні апублікаваным 27 жніўня 2014 г., на заканчэнне іх пасяджэння ў Бкерке, ліванскім мястэчку ў 25 км ад Бейрута. Патрыярхі падкрэслілі, што прысутнасць хрысціян знаходзіцца пад пагрозай у розных краінах, асабліва ў Егіпце, Сірыі і Іраку. “Хрысціяне гэтых краін з’яўляюцца ахвярамі агрэсіі і злачынстваў з прычыны нянавісці, якія прымушаюць пакідаць краіны, дзе хрысціяне жывуць больш за тысячу гадоў. Ісламскія і арабскія грамадствы, такім чынам, пазбаўляюцца чалавечага, культурнага, навуковага, эканамічнага і нацыянальнага багацця”, - адзначаецца ў дакуменце.

Хрысціянскія лідэры Блізкага Усходу нагадалі пра “вялікую катастрофу, якая абрынулася зараз на хрысціян Ірака ў Масуле і 13 іншых пасяленнях даліны Нінівы, а таксама на язідаў і іншыя меншасці”, пасля таго, як ісламскія тэрырысты прымусілі ўцякаць каля 120 тыс. чалавек, апаганілі касцёлы, мячэці і санктуарыі, разбурылі дамы пакінутыя бежанцамі.

Кіраўнікі Усходніх Цэркваў выказалі падзяку тым, хто аказвае дапамогу ахвярам агрэсіі і выступілі з рашучым патрабаваннем спыніць злачынствы джыхадзістаў. Хрысціянскія лідэры звярнуліся таксама да ісламскіх арганізацый, з заклікам асуджэння дзейнасці тэрарыстаў, якія пагражаюць вобразу іслама ў свеце.

На заканчэнне ліванскай сустрэчы Патрыярхі і кіраўнікі Цэркваў Блізкага Усходу сустрэліся з Апостальскім нунцыем у Ліване арцыбіскупам Габрыэлем Кача, пасламі ЗША, Расіі і Вялікабрытаніі, асабістым прадстаўніком Генсека ААН у Ліване, а таксама першымі сакратарамі пасольстваў Францыі і Кітая.








All the contents on this site are copyrighted ©.