2014-08-27 13:46:30

Святы Айцец запэўніў у блізкасці вернікаў Кубы


RealAudioMP3 Папа Францішак прывітаў групу кубінскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым з нагоды ўстанаўлення ў Ватыканскіх садах статуэткі Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ – апякункі Кубы і адной з самых шанаваных і любімых кубінцамі фігурак Найсвяцейша Панны Марыі. Звяртаючыся да іерархаў прысутных на агульнай аўдыенцыі 27 жніўня 2014 г., Святы Айцец папрасіў іх запэўніць у блізкасці і благаслаўленні, усіх вернікаў Кубы. Устанаўленне копіі статуэткі Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ адбудзецца вечарам 28 жніўня. Цырымонію ўзначаліць былы Дзяржсактар Яго Святасці Папы кардынал Тарчызіа Бэртонэ.

Арыгінальная фігурка захоўваецца ў марыйным санктуарыі ў Сант’яга-дэ-Куба. Традыцыя апавядае, што яна была знойдзена трыма падлеткамі ў водах Нэйпскай бухты каля 1612 г. Маладыя здабытчыкі солі апынуліся ў моры падчас буры і моцна прасілі Панну Марыю аб ратаванні. Калі бура закончылася, яны ўбачылі на хвалях сухую фігурку Маці Божай прывязаную да дошкі, на якой было напісана: “Я Маці Міласэрнасці”.

У Ватыканскіх садах знаходзіцца некалькі скульптур, санктуарыяў і гротаў прысвечаных Панне Марыі. Сярод іх бронзавая копія абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая з’яўляецца апякункай ватыканскага геліапорта і абраза Маці Божай Добрай Рады з Джэнаццана, грота Маці Божай Лурдскай і Маці Божай Апекі, якая была пабудавана ў 1917 г. па ініцыятыве Бэнэдыкта XV. У 2013 г. тут была ўстаноўлена копія скульптуры Маці Божай з Суяпы, апякункі Гандураса.








All the contents on this site are copyrighted ©.