2014-08-23 13:12:06

Нігерыя: тэрарысты ствараюць варожасць паміж хрысціянамі і мусульманамі


RealAudioMP3 Адначасова з пашырэннем уплыву джыхадзістаў на тэрыторыі Іраку, іншая ісламісцкая тэрарыстычная групоўка “Бока Харам” працягвае захопліваць гарады на паўночным усходзе Нігерыі. Некалькі дзён таму пад кантроль тэрарыстаў перайшлі гарады Буні Ядзі, у штаце Ёбэ, а таксама Дамбоа і Гуоза, у штаце Борна. Паводле статыстыкі ААН з мая 2013 г. пакінулі свае дамы, ратуючыся ад насілля, каля 650 тыс. жыхароў краіны. Нігерыйскі кардынал Джон Аларунфемі Анаякан, каментуючы сітуацыю ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё адзначыў, што пасля двух апошніх перамогаў тэрарыстаў узнікае хваляванне, што іх захопніцкі паход працягнецца. “Горш яшчэ, што вайсковыя патрулі, якія павінны былі быць там, адыйшлі, і ніхто не ведае чаму. Зараз мы чакаем тлумачэнняў, але паводле мяне, гаворка ідзе пра навіну дастаткова шакуючую і для самаго ўраду”, - расказаў іерарх.

Пурпурат паскардзіўся, што напярэдадні выбараў у Нігерыі праблема ісламістаў палітызуецца і становіцца ўсё цяжэй зразумець, што адбываецца на самой справе. Гаворачы пра сітуацыю з нядаўнім выкраданнем ісламістамі каля 100 маладых людзей, кардынал Анаякан расказаў, што многія маладыя мусульмане на гэтай тэрыторыі сімпатызуюць “Бока Харам” і пачынаюць з імі супрацоўнічаць: уступаючы ў іх шэрагі або працуючы на іх у вёсках. “Таму не зразумела ці гаворка ідзе пра выкраданне ці пра людзей, якія па ўласнай волі перайшлі на іх бок. Канешне, ёсць маладыя людзі, асабліва хрысціяне, які не жадаюць мець нічога супольнага з “Бока Харам”. Мне здаецца, што “Бока Харам” здолела пакласці вялікі раскол паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія на працягу многіх гадоў жылі разам, як браты і сёстры, у адных вёсках. Гэта прымушае хвалявацца”, - сказаў нігерыйскі кардынал.

Праводзячы паралелі з дзейнасцю ісламістаў у Іраку, пурпурат адзначыў, што пакуль “Бока Харам” не ўяўляе сур’ёзнай небяспекі для ўсёй Нігерыі. Але трывожным фактам на яго думку з’яўляецца распаўсюджванне радыкалісцкіх ідэй сярод насельніцтва. Паводле кардынала Анаякана, нігерыйскія ўлады не разумеюць сур’ёзнасці таго, што адбываецца.

На яго думку, сітуацыя адроніваецца ад іракскай тым, што ў Нігерыі колькасць хрысціян і мусульман прыкладна аднолькавая, таму проста неабходна спыніць тэрарыстаў, якія забіваюць і адных і другіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.