2014-08-22 13:57:58

“Кола вучняў Ратцынгера” сабралася ў Кастэль-Гандольфа


RealAudioMP3 22 жніўня 2014 г. у Кастэль-Гандольфа пачалася сустрэча “Кола вучняў Ратцынгера” – аб’яднання былых паплечнікаў і студэнтаў прафесара Ёзафа Ратцынгера, Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Тэма сёлетняга спаткання “Тэалогія крыжа”. Галоўным дакладчыкам на ім выступіць вядомы нямецкі тэолаг Карл-Хайнц Мэнке. Ён пазнаёміць удзельнікаў сустрэчы са сваім разуменнем значэння Хрыстовага крыжа, якое развілася на падставе вывучэння тэкстаў Бэнэдыкта XVI, расказаў Ватыканскаму радыё а. Штэфан Хорн, старшыня асацыяцыі былых вучняў Ёзафа Ратцынгера. Сам Папа на пенсіі, ужо другі раз не будзе непасрэдна прысутнічаць на сустрэчы “Кола”, але падтрымае яго малітоўна. “Яго сувязь з намі не паменшылася і мы пазнаёмім яго са зместам нашых разважанняў, каб ён мог у іх паглыбіцца”, - адзначыў а. Штэфан Хорн. Ён не выключае, што сёлета, як звычайна, Папа на пенсіі будзе цэлебраваць св. Імшу для ўдзельнікаў сустрэчы.

Члены “Кола вучняў Ратцынгера” сустракаюцца рэгулярна з 1977 г. У яго ўваходзяць асобы, якія пад кіраўніцтвам Пантыфіка на пенсіі пісалі доктарскія дысертацыі або былі яго памочнікамі. Перш, чым кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, тэолагі сустракаліся раз у месяц. Зараз семінары праводзяцца раз у год. Пасля таго, як Бэнэдыкт XVI адмовіўся ад пасады Біскупа Рыма ён перастаў прымаць у іх удзел. Папа на пенсіі толькі цэлебруе Эўхарыстыю са сваімі былымі вучнямі і знаёміцца з вынікамі іх тэалагічных разважанняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.