2014-08-22 14:35:22

Эксперты каментуюць словы Папы пра неабходнасць “спынення агрэсара”


RealAudioMP3 Словы папы Францішка аб неабходнасці “спынення агрэсара” у Іраку, якія прагучалі ў самалёце падчас вяртання з Сеўла, працягваюць заставацца ў цэнтры разважанняў і палемікі не толькі ў касцёльных асяродках. Многія СМІ цытуюць словы Папы аб ІІІ Сусветнай вайне “па кавалках”. Сакратар Папскай рады “Iustitia et pax” біскуп Марыё Тоза, каментуючы словы Святога Айца падкрэсліў, што ён выказаў пачуцці многіх сучаснікаў: перад абліччам мноства вайсковых канфліктаў і вялікай колькасці ўцягнутых у іх народаў, нельга не думаць аб патэнцыйнай ІІІ Сусветнай вайне. Нягледзячы на тое, што гэтыя канфлікты ахопліваюць абмежаваныя тэрыторыі, заўсёды існуе небяспека, што іх ачагі ўцягнуць у вайну значную частку чалавецтва і набудуць глабальныя маштабы. “Мы сутыкаемся з неадэкватнымі адносінамі да гэтых канфліктаў, – падкрэсліў біскуп Тоза. – Сярод тых, хто здаецца зацікаўлены ў іх вырашэнні, не праглядаецца дакладнай і яснай волі да міру і справядлівасці. Хутчэй пераважаюць асобныя пункты гледжання, і ніколі не першае месца не ставіцца супольнае дабро чалавецтва”.

Папа Францішак заявіў, што несправядлівага агрэсара неабходна спыніць, але ён дадаў, што рашэнне адносна метадаў, павінна прымацца не адной дзяржавай, але міжнароднай супольнасцю: “Каб спыніць канфлікты і несправядлівыя напады, неабходна абапірацца на агульныя правілы, канчаткова адкідаючы ідэю пошуку справядлівасці з дапамогай вайны і абасобленых дзеянняў”. Біскуп Тоза нагадаў, што Хартыя ААН забараняе не толькі вайну, але і яе пагрозу. Гэта значыць, што неабходна шукаць альтэрнатыўныя спосабы і аддаваць перавагу шматбаковаму падыходу, каб гарантаваць абарону нацыянальных груп, якія падвяргаюцца тэрарыстычнай пагрозе.

Словы папы Францішка пракаментаваў таксама дырэктар каталіцкага часопіса “Il Regno” Джанфранка Брунэлі. Паводле яго, словы Папы цалкам адпавядаюць навучанню Каталіцкага Касцёла. Прыярытэт заўсёды застаецца за мірам, а вайна адмаўляецца, бо ў ёй праігрывае ўсё чалавецтва. Прад абліччам зла неабходна выбраць адпаведныя і прапарцыянальныя сродкі, каб падтрымаць ахвяраў і спыніць агрэсара. “Гэта не з’яўляецца пэўнага кшталту антыамерыканізмам, як мяркуюць некаторыя”, - патлумачыў Брунэлі.

Папа Францішак “не можа выказвацца да канца адносна сродкаў умяшання”, што тлумачыцца прынцыпам раздзялення касцёльнай і дзяржаўнай сфераў. Гэты падзел – прынцып свецкасці – часта падкрэсліваюць у іншых выпадках, а на гэты раз чамусьці аб ім забылі, і некаторыя чакалі ад Папы канкрэтных указанняў”, падкрэсліў Джанфранка Брунэлі.







All the contents on this site are copyrighted ©.