2014-08-18 15:20:11

Філіпінскі кардынал: словы Папы будуць мець уплыў у Карэі


RealAudioMP3 “Мы ўбачылі пастырскую любоў і ўвагу Святога Айца, не толькі да хрысціян і карэйскага народа, але да ўсяго азіяцкага кантынента”, адзначыў філіпінскі кардынал Луіс Тагле, арцыбіскуп Манілы, падводзячы вынікі пяцідзённага падарожжа папы Францішка ў Паўднёвую Карэю. Іерарх быў уражаны здольнасцю Пантыфіка узаемадзейнічаць з моладзю і напаўняць яе энергіяй. Паводле кардынала Тагле, жывая цікавасць Святога Айца да моладзі Азіі, з’яўляецца каштоўным сведчаннем не толькі для хрысціян, але для ўсіх юнакоў і дзяўчат кантынента. Пурпурат падкрэсліў, што моладзь складае дзве трэці насельніцтва Азіі.

Важным, на думку філіпінскага іерарха, быў заклік папы Францішка да прадстаўнікоў розных рэлігій, да аб’яднання сіл на карысць будавання больш справядлівых грамадстваў, пераадолення глыбокага падзелу, існуючага паміж беднымі і багатымі, як унутры грамадстваў, так і паміж краінамі. Кардынал Тагле перакананы, што гэтыя словы папы Францішка будуць мець вялікае значэнне, асабліва з прычыны падзелу Карэі на Паўночную і Паўднёвую.

Пурпурат прызнаўся, што вялікае ўражанне на яго зрабілі словы Святога Айца пра карэйскіх мучанікаў. На яго думку, прыклад шматлікіх хрысціян, якія аддавалі жыццё за веру, застаецца вельмі актуальным для моладзі сёння, калі перад ёй узнікаюць новыя формы ідалапаклонства, калі дзеля зручнасці вера адкідаецца ў бок, а ў імя прагматызма заключаюцца кампрамісы.








All the contents on this site are copyrighted ©.