Папа да карэйскіх уладаў і дыпламатаў: дзякую за намаганні на карысць міру
Мір і дыялог – гэтыя
дзве тэмы былі ў цэнтры першай прамовы папы Францішка падчас апостальскага падарожжа
ў Паўднёвую Карэю. Афіцыйная цырымонія прывітання Пантыфіка адбылася ў Прэзідэнскім
палацы ў Сеўле 14 жніўня 2014 г. Падчас яе Папа звярнуўся да кіраўніка дзяржавы Пак
Кын Хе і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Ён высока ацаніў павагу да пажылых
людзей і клопат аб моладзі, якія характарызуюць карэйскае грамадства. Францішак адзначыў
важнасць разважання над спосабамі перадачы каштоўнасцяў новым пакаленням. Адной з
галоўных каштоўнасцяў, на думку Святога Айца, з’яўляецца любоў да міру, які мае асаблівае
значэнне на тэрыторыі Карэі – зямлі, доўга пакутуючай ад яго адсутнасці. “Выказваю
маё захапленне намаганнямі на карысць прымірэння і стабільнасці на карэйскім паўвостраве
і падтрымліваю іх, бо з’яўляюцца адзіным надзейным шляхам да трывалага міру. Яго пошук
з боку Карэі – нам асабліва дарагі, таму што ўплывае на стабільнасць у рэгіёне і ва
ўсім свеце, стомленым ад вайны”, - сказаў Папа.
Мір, на думку Пантыфіка, гэта
выклік для дыпламатыі, з дапамогай якой трэба разбураць муры недаверу і нянавісці,
спрыяючы культуры прымірэння і салідарнасці. “Дыпламатыя, як мастацтва магчымага,
грунтуецца на моцным і трывалым перакананні ў тым, што мір дасягаецца праз дыялог
і ўважлівае і шчырае слуханне, а не праз узаемныя абвінавачванні, непатрэбную крытыку
і дэмастрацыю сілы”, - сказаў Папа.
Францішак падкрэсліў, што Паўднёвую Карэю,
як і большасць іншых развітых краін, турбуюць шматлікія сацыяльныя праблемы, эканамічная
няроўнасць і клопат аб захаванні навакольнага асяродзя. У сувязі з гэтым Святы Айцец
заклікаў рабіць усё магчымае для стварэння такой сацыяльнай атмасферы, у якой кожны
член грамадства будзе выслуханы, дзе будзе падтрымлівацца дух адкрытай камунікацыі,
надавацца належная ўвага бедным, слабым і тым, хто не мае голасу, “не толькі выходзячы
насустрач іх тэрміновым патрэбам, але спрыяючы іх чалавечаму і духоўнаму росту”. Сёння,
на думку Францішка, існуе патрэба ў “глабалізацыі салідарнасці”, мэта якой – усебаковае
развіццё кожнага члена чалавечай сям’і.
Святы Айцец заклікаў карэйскую каталіцкую
супольнасць прымаць актыўны ўдзел у жыцці краіны. Касцёл жадае рабіць свой уклад у
адукацыю моладзі, умацаванне духа салідарнасці з беднымі і спрыяць выхаванню новых
пакаленнеў грамадзян, гатовых дзяліцца сваёй мудрасцю і прадбачлівасцю, атрыманай
у спадчыну ад продкаў і народжанай дзякуючы веры, дзеля вырашэння палітычных і сацыяльных
праблем народа, адзначыў Папа.
Пасля сустрэчы ў Прэзідэнцыі палацы папа Францішак
накіраваўся ў сядзібу Канферэнцыі Біскупаў Паўднёвай Карэі, дзе правёў спатканне з
мясцовымі каталіцкімі іерархамі.