2014-08-13 11:51:43

Пачынаецца падарожжа Святога Айца ў Паўднёвую Карэю


RealAudioMP3 13 жніўня 2014 г. папа Францішак пачаў трэцяе міжнарожнае апостальскае падарожжа свайго пантыфікату, мэтай яго стане Паўднёвая Карэя. Святы Айцец выляцеў з рымскага аэрапорта “Fiumicino” каля 16.00 па мясцовым часе. Пажадаць Пантыфіку плённага візіту прыбыў прэм’ер-міністр Італьянскай Рэспублікі Матэа Рэнцы і іншыя прадстаўнікі італьянскіх уладаў. Самалёт з Папам на борце праляціць над 11 дзяржавамі: Італіяй, Харватыяй, Славеніяй, Аўстрыяй, Славакіяй, Польшчай, Беларуссю, Расіяй, Манголіяй, Кітаем і, нарэшце, самой Паўднёвай Карэяй. Пантыфік пераадолее 8970 км і прыбудзе ў Сеўл каля 10.30 па мясцовым часе. У першы дзець свайго падарожжа Святы Айцец сустрэнецца з Прэзідэнтам Карэі Пак Кын Хе, прадстаўнікамі ўладаў і дыпламатычнага корпуса. Затым Папа правядзе спатканне з мясцовымі біскупамі. Сеўл ужо чакае высокага госця. Апошні раз Рымскі Пантыфік ступаў на тэрыторую Паўднёвай Карэі 25 гадоў таму. Сталіца краіны ўпрыгожана сцягамі, кветкамі і банерамі з прывітальнымі слоганамі. Сярод мясцовых хрысціян, якіх шмат на вуліцах, папулярны майкі з выявамі Францішка, а ўладальнікі гандлёвых кропак прадаюць сувеніры зробленыя спецыяльна да візіту Святога Айца. Увесь горад нібыта кажа: шчыра вітаем Папу, які нясе надзею.

Францішак прабудзе у Паўднёвай Карэі да 18 жніўня. У рамках свайго падарожжа ён паўдзельнічае ў VI Днях азіяцкай моладзі і ўзначаліць беатыфікацыю 124 карэйскіх мучанікаў за веру.








All the contents on this site are copyrighted ©.