2014-08-12 17:13:46

Ватыканская дыкастэрыя за правільнае здзяйсненне літургічнага абраду супакою


RealAudioMP3 Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў звяртае ўвагу на важнасць недапушчэння некаторых злоўжыванняў падчас здзяйснення літургічнага абраду супакою. Падкрэсліваецца, што гэты жэст надзелены асаблівым тэалагічным зместам: Касцёл заклікае да супакою і адзінства для сябе і ўсяго чалавецтва, а вернікі выказваюць касцёльнае адзінства і ўзаемную любоў перад тым, як прыняць Цела Хрыста. У пасланні ватыканскай дыкастэрыі адзначаецца, што яшчэ Бэнэдыкт XVI даручыў Кангрэгацыі разглядзець пытанне перадачы знаку супакою падчас літургіі, з мэтай захавання сакральнага сэнсу Эўхарыстыі, як Таямніцы супакою.

Таксама Сінодам Біскупаў было вырашана упарадкаваць здзяйсненне гэтага жэсту, які можа набываць залішнія выразы, выклікаючы некаторую збянтэжанасць сярод вернікаў перад прыняццем Камуніі. “У сувязі з гэтым добра памятаць, што цвярозыя адносіны, неабходныя для падтрымання адпаведнай літургіі атмасферы, - напрыклад, у тым, каб абменьвацца знакам супакою з тымі, хто знаходзіцца вельмі блізка, - нічога не адыме ад высокага значэння гэтага жэсту”, - гаворыцца ў дакуменце.

Паводле ватыканскай дыкастэрыі, падчас абраду не дапускаецца выкананне “спеву супакою”, не існуючага ў Рымскім імшале, перамяшчэнне вернікаў па касцёле, аддаленне святара ад алтара, выкарыстанне перадачы знаку супакою у якасці нагоды для абмену віншаваннямі падчас урачыстасцяў, святаў, іншых цэлебрацый.

Біскупскія канферэнцыі заклікаюцца да падрыхтоўкі літургічных катэхез аб значэнні абраду супакою ў рымскай літургіі і яго карэктнага здзяйснення падчас цэлебрацыі св. Імшы. Для гэтага Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў былі распрацаваны спецыяльныя рэкамендацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.