2014-08-08 13:55:06

Перэгрынацыя сімвалаў Сусветных дзён моладзі пачалася ў Расіі


RealAudioMP3 8 жніўня 2014 г. крыж і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani” – сімвалы Сусветных дзён моладзі, пачалі сваё пілігрымаванне па Расіі. Дэлегацыя расійскіх католікаў атрымала іх з рук латышскіх вернікаў. Першым пунктам перэгрынацыі стаў Вялікі Ноўгарад. Затым, напрацягу трох дзён, з 9 па 11 жніўня, крыж і абраз будуць знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, дзе наведаюць тры каталіцкія парафіі. Пасля гэтага сімвалы сусветнага моладзевага форума накіруюцца ў Сібір, адкуль пачнуць сваё падарожжа па ўсёй астатняй тэрыторыі Расіі, пачынаючы ад Іркуцка. Крыж і абраз пабываюць у кожнай з чатырох каталіцкіх дыяцэзій у Расійскай Федэрацыі. Закончыцца перэгрынацыя сімвалаў у Маскве 4 верасня.

У Беларусі перэгрынацыя крыжа і абраза Маці Божай “Salus Populi Romani” працягвалася з 28 чэрвеня па 12 ліпеня. Сімвалы Сусветных дзён моладзі пабывалі ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі і прысутнічалі на ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Затым яны пілігрымавалі па Літве і Латвіі.

Амаль 4-метровы крыж быў зроблены ў 1984 г., знаходзіўся спачатку на працягу цэлага года побач з галоўным алтаром базылікі св. Пятра. Затым Папа Ян Павел II уручыў яго маладым людзям, як сімвал любові Хрыста да чалавецтва. “Насіце яго ва ўсім свеце як знак, як сімвал любові Хрыста да чалавецтва, і абвяшчайце ўсім, што толькі ў смерці і ўваскрасенні Хрыста мы можам знайсці збаўленне і адкупленне”, - сказаў тады Папа. З таго часу крыж і абраз Маці Божай пілігрымуюць па ўсім свеце, каб прыбыць у канчатковым выніку ў сталіцу чарговых Сусветных дзён моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.