2014-08-08 13:02:24

Папа не плануе наведваць паўночную мяжу Паўднёвай Карэі


RealAudioMP3 Улады Паўночнай Карэі адмовіліся прыняць удзел у св. Імшы 18 жніўня 2014 г., у рамках падарожжа папы Францішка ў Паўднёвую Карэю, расказаў журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Ён падкрэсліў, што ў дадзеным пытанні валодае інфармацыяй атрыманай ад арганізацыйнага камітэта з боку Паўднёвай Карэі. “На гэта запрашэнне быў атрыманы адмоўны адказ. Тут мы спынімся, не закрываючы дзверы перад іншымі верагоднымі ініцыятывамі, на якія карэйцы здольныя лепш за нас”, сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Кс. Ламбардзі ўдакладніў, што ў праграме візіту Пантыфіка не прадугледжана наведванне паўночнай мяжы Паўднёвай Карэі. “Праблема падзелу не будзе забыта – запланавана св. Імша аб супакоі і прымірэнні. Прысутнасць і духоўная ўвага Папы, відавочны і без іншых дадатковых дзеянняў”, - сказаў ён.

Акрамя спаткання Пантыфіка з выжыўшымі і сем’ямі ахвяраў крушэння парома “Севол”, які затануў у красавіку 2014 г. запланаваны яшчэ некалькі неафіцыйных сустрэч. У заключнай св. Імшы візіта прыме ўдзел дэлегацыя жанчын, якія падвергнуліся насіллю з боку японцаў, падчас вайны. “Сам факт іх прысутнасці, гэта ўжо прызнанне, якое мне падаецца дастаткова значным. Гэта ініцыятыва была прапанавана мясцовымі арганізатарамі, а не Ватыканам. Мы адказваем на прапанову і гатовы іх прыняць”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Падчас пералёту з Рыма ў Сеўл Пантыфік будзе пралятаць над тэрыторыяй Кітайскай Народнай Рэспублікі. На пытанне журналіста аб магчымай тэлеграме Папы ўладам ў Пекіне – згодна са звычаем міжнародных падарожжаў, кс. Ламбардзі адказаў: “Мы заўсёды публікуем тэксты тэлеграм: калі будзе тэлеграма для Кітая, то ў свой час вы даведаецеся, пра што ў ёй гаворыцца. Гэта адзінае, што я магу зараз сказаць”.

Кіраўнік Залы Друку абверг інфармацыю пра тое, што ў дадзены момант вядзецца падрыхтоўка падарожжа папы Францішка ў Японію. “У дадзены час ідзе падрыхтоўка да Папскіх візітаў у Тырану, Шры-Ланку і на Філіпіны. На гэтым усё; іншыя паездкі пакуль не разглядаюцца. Калі такія ўзнікнуць, то мы будзем працаваць з імі, але зараз гэта са сферы фантазій”, - адзначыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.