2014-08-07 15:38:00

Францішак сустрэнецца з ахвярамі крушэння карэйскага парома


RealAudioMP3 Падчас візіту ў Паўднёвую Карэю папа Францішак сустрэнецца з дэлегацыяй пасажыраў парома “Севол”, які затануў 16 красавіка 2014 г., і са сваякамі загінуўшых. Сустрэча адбудзецца пасля св. Імшы на стадыёне Тэджон 15 жніўня 2014 г., расказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас спаткання з журналістамі. У выніку караблекрушэння загінулі 293 чалавека і яшчэ 11 да сённяшняга дня лічацца зніклымі без вестак. Кс. Ламбардзі адзначыў, што гаворка ідзе пра “нацыянальную трагедыю”, якая працягвае мець наступствы і рэха ў жыцці краіны. Дзелячыся падрабязнасцямі падарожжа Святога Айца ў Паўднёвую Карэю прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што Папа выляціць з Рыма 13 жніўня 2014 г.. Пералёт будзе працягвацца каля 11 гадзін, а ўлічваючы розніцу ў 7 гадзін з рымскім часам, Пантыфік прыбудзе ў Карэю ўжо 14 жніўня. Месцам сталага прабывання Святога Айца будзе Апостальская нунцыятура ў Сеўле. Каб дабрацца да таго ці іншага пункту падарожжа Францішак будзе карыстацца верталётам.

У праграме візіту: сустрэчы з грамадзянскімі і касцёльнымі ўладамі, моладзю, хворымі і інвалідамі, святарамі і законнікамі, беатыфікацыя 124 карэйскіх мучанікаў, наведванне мясцовых санктуарыяў, малітва перад мемарыялам у памяць ахвяраў абортаў. Адной з мэтаў падарожжа з’яўляецца ўдзел у VI Днях азіяцкай моладзі, у якіх прымуць удзел каля 2 тыс. пілігрымаў з 23 краін кантынента і каля 5-6 тыс. мясцовых маладых католікаў.

Кс. Ламбардзі расказаў, што рашэнне аб паездцы ў Карэю Папа прыняў падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Адзін з карэйскіх біскупаў запрасіў яго наведаць азіяцкую каталіцкую моладзь і Папа з радасцю пагадзіўся, бо даўно запланаваў, што мэтай яго бліжэйшага падарожжа павінна стаць Азія. Кіраўнік Залы Друку ўдакладніў, што апошні раз Рымскі Пантыфік быў на азіяцкім кантыненце ў 1999 г., калі Ян Павел ІІ наведваў Індыю.

Паводле кс. Ламбардзі, Францішак жадае таксама сустрэцца з карэйскай каталіцкай супольнасцю, якая хоць і з’яўляецца меншасцю ў краіне, але вельмі ўплывовай і хуткарослай. Католікі ў Карэі складаюць каля 10% насельніцтва, але штогадова хрост прымаюць каля 100 тыс. чалавек. Акрамя таго, карэйскія місіянеры працуюць у розных частках свету.

Акрамя высокіх іерархаў, якія будуць суправаджаць Пантыфіка, у склад дэлегацыі, паводле жаданне Папы, увойдзе адзін просты супрацоўнік Ватыкана, а менавіта Ватыканскай тэлефоннай службы, у якасці прадстаўніка працоўнага калектыва папскай дзяржавы.








All the contents on this site are copyrighted ©.