2014-08-05 13:41:50

Ватыканская газета нагадвае пра гісторыю Санта Марыя Маджорэ


RealAudioMP3 Ватыканская газета “L’Osservatore Romano” нагадвае, што 5 жніўня адзначаецца ўспамін гадавіны пасвячэння рымскай базылікі Найсвяцейшай Панны Марыі, больш вядомай як Санта Марыя Маджорэ – самай старажытнай базыліцы ў Касцёле, прысвечанай Маці Божай. Менавіта ў гэты дзень, у 352 г., жыхары Рыма сузіралі незвычайную метэрыялагічную з’яву – на адным з пагоркаў Вечнага горада, у самым разгар лета, выпаў чысты белы снег. Згодна са старажытным апавяданнем, такім чынам Маці Божая ўказала месца на якім павінна быць пабудавана новая вялікая святыня ў яе гонар. Яна была пасвечана праз 80 гадоў пасля “снежнага цуда” – 5 жніўня 432 г.

Традыцыя апавядае, што Панна Марыя аб’явілася адразу некалькім асобам, якія пражывалі ў Рыме: багатаму патрыцыю Джаванні і яго жонцы, якія не мелі дзяцей, і папе Ліберыю. Аб’яўленню папярэднічалі гарачыя малітвы сужонкаў да Бога аб дараванні сына. Панна Марыя паабяцала, што у іх будзе дзіця, калі пабудуюць касцёл у яе гонар на Эсквілінскім пагорку ў Рыме – на тым месцы дзе ўбачаць снег.

Сужонкі адправіліся да папы Ліберыя, які вельмі здзівіўся іх прыходу, бо бачыў ноччу такое ж аб’яўленне. Усе разам яны адправіўся на Эсквілін і да сваёй радасці ўбачылі пасярод поля чысты белы снег. Гэта месца было пасвечача, і праз некаторы час на ім пачалі будаваць касцёл у імя Панны Марыі – будучую базыліку Санта Марыя Маджорэ.

Менавіта тут захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Снежнай – “Апякункі рымскага народа”. Адна з яго копій, з 1664 г. захоўваецца і ў Беларусі, у гродзенскім катэдральным касцёле. У нашай краіне гэты абраз больш вядомы пад назвай Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай). У 2005 г. ён быў каранаваны папскімі каронамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.