2014-08-02 11:19:04

Святы Пасад: Еўропа не выконвае сваіх абавязацельстваў адносна мігрантаў


RealAudioMP3 Чарговыя сотні бежанцаў з Афрыкі і чарговыя забітыя марской стыхіяй – гэта практычна штодзённая карціна паўднёвага ўзбярэжжа Італіі. Драматычнае гуманітарнае становішча сярод мігрантаў і бежанцаў з’яўляецца тэмай пастаянных дыскусій аб адказнасці італьянскай дзяржавы і Еўрапейскага Саюза. Па гэтым пытанні выказваецца таксама Святы Пасад, звяртаючы ўвагу, што гэта не толькі сацыяльная з’ява, але жывыя і пакутуючыя людзі, якія шукаюць бяспекі і магчымасці для лепшага жыцця. Кардынал Антоніа Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, нагадаў, што “мігранты не могуць разглядацца як маргінальны або пераходны элемент гістарычнай сітуацыі”, гэта катэгорыя людзей, колькасць якіх расце. Ён заклікаў усіх рабіць тое, што можна, каб у краінах паходжання бежанцаў былі створаны ўмовы для годнага жыцця. Ватыканскі іерарх нагадаў пра абяцанні Еўропы ахвяроўваць працэнт валавога нацыянальнага прадукту для развіцця краін, адкуль прыбываюць эмігранты. Але амаль ніхто, апрача некалькіх краін Паўночнай Еўропы, не прытрымліваецца гэтых абяцанняў.

З іншага боку, лічыць кардынал, трэба задаволіць патрэбы тых, хто вырашае здзейсніць небяспечнае падарожжа ў Еўропу, якое часта заканчваецца трагедыяй. Гаворка ідзе пра пабудову больш гасціннага грамадства, якое адзначаецца адкрытасцю і пераадоленнем забабонаў шляхам канкрэтных дзеянняў.

Ватыканскі іерарх таксама звяртае ўвагу на крывадушныя паводзіны Еўропы, у якой краіны, куды эмігранты прыбываюць найбольш, пакідаюць іх на волю лёсу. Паводле яго, італьянскай аперацыі пад назвай “Mare Nostrum”, распачатай для ратавання пацярпелых караблекрушэнне ў Міжземным моры мігрантаў, не дастаткова.

З іншага боку, іерарх адзначыў, што Еўропа шмат дае мігрантам. Але гэтага не дастаткова, дапамогі па-ранейшаму не хапае, “таму што яе патрэбна нашмат больш”. Патрэбна таксама разуменне, што Італія, Іспанія і Грэцыя з’яўляюцца межамі паўднёвай Еўропы. Таму тут патрэбны большы ўдзел. Але, на жаль, звярнуў увагу кардынал Вэльё, на еўрапейскім узроўні існуюць некаторыя правілы. Калі, напрыклад, эмігрант або бежанец, калі прыбудзе ў Італію, захоча затым патрапіць у Францыю, гэта краіна не ўпусціць яго. Такое пагадненне існуе паміж еўрапейскімі краінамі: краіна, якая першай прымае мігранта або бежанца, павінна пра яго клапаціцца. “І так Еўропа дапамагае і не дапамагае”, - падкрэсліў іерарх і дадаў, што, калі б існавала сапраўднае жаданне дапамагчы, гэтыя людзі маглі б ехаць куды пажадаюць.

“Зыход вельмі многіх сем’яў, асабліва з рэгіёна Афрыканскага Рога і Блізкага Усходу, кладзецца непасрэдна на плечы ўсіх міжземнаморскіх краін, якія з'яўляюцца варотамі ў Еўропу. Такім чынам, гэта з’ява ўплывае на ўсю супольнасць Еўрапейскага саюзу”, - падсумаваў старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.