2014-08-02 10:17:42

Ватыканская дыкастэрыя: знак супакою падчас св. Імшы застаецца на ранейшым месцы


RealAudioMP3 Знак супакою ў рымскай імшальнай літургіі мае тэалагічнае значэнне, звязанае з пасхальнай таямніцай. Гэта як пацалунак Уваскрослага Хрыста, Які прысутнічае на алтары пад выглядам хлеба і віна. Ён, такім чынам, павінен мець места пасля кансэкрацыі, паміж Малітвай Пана і Святой Камуніяй, гаворыцца ў спецыяльным лісце Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў да ўсіх епіскапатаў, зацверджаным 7 чэрвеня 2014 г. папам Францішкам. Ватыканская дыкастэрыя звярнула ўвагу, што ў іншых літургічных традыцыях, дзе знак супакою перадаецца адразу пасля Літургіі слова, ён мае іншы тэалагічны сэнс. Там ён з’яўляецца спасылкай на словы Хрыста ў Нагорным казанні: “Пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі дар свой” (Мц 5, 24). Так адбываецца ў масарабскім абрадзе ў Іспаніі, амбразіянскім у Мілане або ва ўсходніх абрадах.

Дакумент кангрэгацыі мае гісторыю, якая сыходзіць да Сінода Біскупаў аб Эўхарыстыі, які прайшоў дзевяць гадоў таму, у кастрычніку 2005 г., дзе ў тым ліку абмярковалася “пытанне знаку супакою”. У выдадзенай пазней, у 2007 г., Апостальскай адгартацыі “Sacramentum Caritatis” Бэнэдыкт XVI напісаў, што гэты жэст можа набыць перабольшаны выраз і выклікаць пэўнае незразуменне ў супольнасці вернікаў, менавіта перад Святой Камуніяй. Таму тагачасны Пантыфік даў загад адпаведным дыкастэрыям даследаваць магчымасць перанясення знаку супакою на іншы момант св. Імшы, напрыклад, перад падрыхтоўкай дароў на алтары. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у 2008 г. папрасіла ўсе епіскапаты выказацца па гэтым пытанні. Пасля глыбокага вывучэння было вырашана заставіць у рымскай літургіі папярэдні парадак.

Дыкастэрыя рэкамендуе пры гэтым пазбягаць злоўжыванняў гэтым жэстам. Сярод іх узгадваецца ўвядзенне падчас знаку супакою спецыяльных спеваў, якіх не прадугледжвае рымская літургія. Вернікі павінны перадаваць знак супакою толькі асобам, якія стаць бліжэй да іх, не пераходзячы з месца на месца, а святар не можа адыходзіць пры гэтым ад алтара. Таксама, гэта не можа быць магчымасцю да нейкіх пажаданняў або спачуванняў. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў просіць нацыянальныя біскупскія канферэнцыі падрыхтаваць адпаведныя катэхезы, якія б тлумачылі сапраўдны сэнс знаку супакою.







All the contents on this site are copyrighted ©.