2014-08-02 10:42:20

Апостальская Сталіца рыхтуе дакумент па рэформе манаскага жыцця


RealAudioMP3 Святы Пасад апублікуе ў бліжэйшыя дні дакумент аб кіраванні маёмасцю манаскіх супольнасцяў, паінфармаваў кардынал Жоао Брас дэ Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Сам Папа загадаў дыкастэрыі заняцца гэтым пытаннем. Сітуацыя звязана са зменамі, якія адбываюцца ў кансэкраваным жыцці. З аднаго боку ствараюцца новыя кляштары, пустэльні, супольнасці, з другога, іншыя супольнасці “адміраюць”, застаўляючы маёмасць. Яшчэ адным выклікам з’яўляюцца праблемы з утрыманнем школ і бальніц, якія знаходзяцца ва ўласнасці манаскіх кангрэгацый. Гэта звязана, між іншым, з усё больш цяжкім супрацоўніцтвам з дзяржавай. Бразільскі кардынал заявіў, што адной з галоўных мэтаў гэтага дакумента будзе аднаўленне прымату Евангелля, а не нейкага капіталізму ў кіраванні манаскай уласнасцю.

Кардынал Брас дэ Авіс таксама абвясціў рэформы ў іншых галінах кансэкраванага жыцця. Вядзецца праца па вывучэнні і вырашэнні пытання аб узаемасувязях паміж біскупамі і манаскімі супольнасцямі. Па просьбе Папы падрыхтоўваецца дакумент па кляўзуровых кляштарах. Бо па сённяшні дзень іх жыццё рэгулюецца дакументам, які быў выпрацаваны яшчэ перад ІІ Ватыканскім Саборам.

Кіраўнік дыкастэрыі адзначыў, што кансэкраванае жыццё сёння сутыкаецца з многімі праблемамі. Ён прызнаў памылкі, якія былі зроблены у паслясаборны перыяд, але лічыць, што цяперашнія цяжкасці вядуць не да смерці, але ачышчэння кансэкраванага жыцця. На яго думку, існуе патрэба поўнага перагляду канцэпцыі ўлады і паслухмянасці. Бо не можна мець аўтарытарнага падыходу ў гэтым пытанні.

Паводле ватыканскага іерарха, таксама патрабуюць перагляду адносіны паміж мужчынам і жанчынай. “Мы аддаліліся неадпаведным чынам, так, што ўжо не ведаем адно аднаго і не ў стане інтэграваць каштоўнасць іншага боку. Мы – два цалкам адасобленыя светы. Трэба знайсці вышэйшае святло, якое дазволіць нам глядзець у вочы, але вачыма Бога, больш прыгожым і рэалістычным чынам, у адпаведнасці з кіруючымі прынцыпамі Касцёла”, - сказаў кардынал Брас дэ Авіс, які сам не з’яўляецца членам манаскай супольнасці, але належыць да руху Факаляраў.







All the contents on this site are copyrighted ©.