2014-07-31 13:19:40

Візіт Папы ў Албанію: Францішак пачынае з перыферыі Еўропы


RealAudioMP3 Візіт папы Францішка ў Албанію, гэта даніна мучаніцтву і цярпенню шматлікіх католікаў, ахвяр камуністычнага рэжыму, лічыць арцыбіскуп Тыраны Ррок Мірдзіта. Ён нагадаў, што Касцёл мае глыбокія карані на албанскай зямлі і пастаянна заставаўся з людзьмі на працягу гісторыі. Гэтаму дапамагала сувязь з Наступнікам св. Пятра і вернасць яму. Таксама зносіны з Паўсюдным Касцёлам дапамаглі перажыць доўгі пераслед з боку камуністычнага рэжыму. Арцыбіскуп адзначыў, што атэістычны прыгнёт умацаваў зносіны паміж рэлігіямі. Чатыры асноўныя з іх: мусульмане-суніты, мусульмане-бэкташы, праваслаўныя і католікі мірна жылі разам. Некаторыя казалі, што пасля падзення рэжыму са свабодай рэлігіі паўстане міжрэлігійная напружанасць, але гэта не спраўдзілася. Албанія дае прыклад добрага рэлігійнага суіснавання. Шлях да гэтай гармоніі пралягаў праз ахвяры, але яны сталі плёнамі міру, якімі сёння карыстаюцца ўсе грамадзяне краіны. “Албанцы пазналі на працягу стагоддзяў, што можна быць цалкам верным сваёй рэлігіі і ў поўнай меры паважаць рэлігію іншых. Не можна дагадзіць Богу, парушаючы правы іншых. Папа Францішак убачыць у Албаніі мадэль мірнага суіснавання паміж рэлігіямі”, - сказаў пастыр сталічнай архідыяцэзіі.

Іерарах спаслаўся на візіт у Албанію Яна Паўла II, які адбыўся 21 год таму, і адзначыў, што ён быў “як палёгка для зраненага цела Касцёла-мучаніка”. “Гэта быў дзень святла для ўсяго народа”, - дадаў ён. Арцыбіскуп нагадаў, што менавіта Ян Павел ІІ аднавіў касцёльную іерархію. На працягу гэтых двух дзесяцігоддзяў Касцёл моцна змяніўся, прызнаўся ён. З’явілася мясцовае духавенства, місіянеры паволі перадаюць эстафету пакаленню святароў-албанцаў. Касцёл робіць шмат у сацыяльнай сферы.

Іерарх упэўнены, што візіт папы Франішка “прынясе новую свежасць” і дазволіць “перажыць пастаянную навізну Евангелля”. Ён спадзяецца, што Пантыфік дасць новы імпульс для развіцця грамадства, якое перажывае такія праблемы як: карупцыя, беднасць, беспрацоўе, арганізаваная злачыннасць і слабая сістэма правасуддзя.

Візіт Францішка ў Тырану стане яго першым “еўрапейскім” апостальскім падарожжам за межы Італіі, нагадаў арцыбіскуп. Можна сказаць, што Пантыфік пачынае з геаграфічнай перыферыі Еўропы, дадаў ён. Але Албанія ўжо даўно выйшла з перыферыі грамадскай і рэлігійнай, заўважыў пастыр Тыранскай архідыяцэзіі, краіна мае шмат каштоўнасцяў: самае маладое насельніцтва на кантыненце, па-ранейшаму моцную сям’ю, павагу да старэйшага пакалення, мірнае суіснаванне паміж рэлігіямі. Албанія, нягледзячы на “раны” ад мінулай дыктатуры і вялікія пакуты нядаўняга мінулага, не патрапіла ў пастку новай “класавай барацьбы”, наадварот, тут развіваецца грамадскі мір. “Можна сказаць, што папа Францішак прыбывае на еўрапейскі кантынент праз сустрэчу з народам бедным, якія шмат цярпеў, але які можа шмат даць Еўропе”, - адзначыў арцыбіскуп Тыраны.

Падарожжа Святога Айца ў Албанію будзе доўжыцца ўсяго адзін дзень – 21 верасня 2014 г. Пантыфік здзейсніць візіт да Прэзідэнта краіны, сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў, узначаліць св. Імшу на плошчы імя Маці Тэрэзы, спаткаецца з мясцовым епіскапатам, лідэрамі іншых рэлігій і канфесій, дзецьмі, правядзе малітву Нешпараў з духавенствам. Гэта вынікае з афіцыйнай праграмы візіту, апублікаванай 31 ліпеня 2014 г. у Ватыкане.







All the contents on this site are copyrighted ©.