2014-07-31 11:21:23

Вялікабрытанія: былыя англікане ў Каталіцкім Касцёле


RealAudioMP3 Англікане, якія далучаюцца да Каталіцкага Касцёла, падобныя на Хобіта, які шукае скарб, сказаў кіраўнік брытанскага ардынарыята для былых англікан, кс. Кейт Ньютан, былы англіканскі епіскап. Спасылаючыся на лёсы сваіх вернікаў, ён адзначыў, што шукаючы Валадарства Божага трэба мець мужнасць ісці на ахвяры і на рызыку дзеля Хрыста. На яго думку, ідэя ардынарыята для былых англікан даказала сэнс свайго існавання і стала мадэллю адзінства ў разнастайнасці. Былыя англікане не згубіліся ў Каталіцкім Касцёле, не растварыліся як кавалак цукру ў гарбаце. З усімі католікамі яны падзяляюць адну веру ў еднасці з Наступнікам св. Пятра, і, у той жа час, маюць асобныя літургічныя практыкі і душпастырства, што ўзбагачаюць увесь Касцёл, сказаў кс. Ньютан. Ён прапанаваў іншым католікам наведаць касцёлы ардынарыяту і паглядзець, як выглядае гэты “англіканскі каталіцызм”.

Персанальнаму ардынарыяту Маці Божай Уолсінгемскай для былых членаў Англіканскай Царквы і Царквы Уэльса, якія перайшлі ў Каталіцкі Касцёл, захоўваючы свае літургічныя, духоўныя і душпастырскія традыцыі, ужо тры гады. Яго стварыла 15 студзеня 2011 г. Кангрэгацыя Веравучэння на падставе Апостальскай канстытуцыі “Anglicanorum coetibus” Бэнэдыкта XVI ад 4 лістапада 2009 г. Яго ардынарыем з’яўляецца былы англіканскі епіскап Кейт Ньютан, а апекунамі: Маці Божая Уолсінгемская і бл. Джон Генры Ньюман.

У 2012 былі створаны яшчэ дзве такога роду касцёльныя адзінкі, заснаваныя Кангрэгацыяй Веравучэння. З 1 студзеня гэтага года існуе Персанальны ардынарыят Кафедры св. Пятра для былых членаў Епіскапальнай Царквы і іншых Цэркваў англіканскай традыцыі і метадыстаў у Злучаных Штатах і Канадзе. Яго ардынарыем з’яўляецца былы епіскапальны епіскап Джэфры Найл Сцінсан. Ардынарыят падлягае Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, а яго катэдрай з’яўляецца касцёл Маці Божай Уолсінгемскай у Х’юстане.

У сваю чаргу, 15 чэрвеня 2012 г. быў створаны Персанальны ардынарыят Маці Божая Паўднёвага Крыжа ў Аўстраліі. На практыцы, ён пачаў дзейнасць з моманту пасвячэнняў у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі 8 верасня ў катэдральным касцёле св. Патрыка ў Мельбурне чатырох былых англіканскіх пастараў і чатырох мясцовых каталіцкіх дыяканаў. Першым кіраўніком новай структуры быў прызначаны 72-гадовы былы англіканскі епіскап Гары Энтвістл, які ў дзень стварэння ардынарыята прыняў святарскае пасвячэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.