2014-07-29 11:33:11

Святы Айцец даў інтэрв’ю пасля 500 дзён пантыфікату


RealAudioMP3 Малітва, праца, сям’я і дзеці, эмігранты, мір ва ўсім свеце, экалогія, – гэта тэмы, якія закрануў папа Францішак у інтэрв’ю, апублікаваным на старонках “Viva”, нядзельнага дадатку да аргентынскай газеты “Clarín”. Яна прысвяціла гэты спецыяльны выпуск Святому Айцу з нагоды першых 500 дзён яго пантыфікату, якія заканчваюцца на гэтым тыдні. Аргентынскаму журналісту Пабла Кальва, які быў у Папы 7 ліпеня 2014 г. у Доме св. Марты, Францішак распавёў пра жанчыну, якая, калі ён быў яшчэ дзіцём, прыходзіла дапамагаць яго маці па гаспадарцы. Яна прыбыла ў Аргентыну з Італіі. Была ўдавой з двума дзецьмі. Яе муж загінуў на вайне. Хорхе Берголіа зноў сустрэў яе, калі быў ужо святаром. Незадоўга да сваёй смерці яна падарыла яму сярэбраны медалік Найсвяцейшага Сэрца, які ён да сённяшняга дня пастаянна носіць і штодня ўзгадвае простую, працавітую жанчыну.

Гаворачы аб сям’і, Папа адзначыў, што як спавяднік часта пытаўся ў маладых маці, ці бавяцца яны са сваімі дзецьмі. Ён падкрэсліў, што гэта вельмі важна для здаровага выхавання. Другая практычная парада, якую ён даў – не ўключаць тэлевізар, калі сям’я садзіцца за стол. Гэта ўскладняе ўзаемаадносіны.

У інтэрв’ю аргентынскаму выданню Францішак таксама ўзняў пытанне абароны навакольнага асяроддзя. “Калі, напрыклад, у горназдабыўной прамысловасці выкарыстоўваецца метад, у выніку якога забруджваецца вада, бо так сёння адбываецца найчасцей, гэтаму не надаецца значэння. І так працягваецца забруджванне прыроды. Я думаю, што тут не з’яўляецца пытання: “Ці чалавецтва праз такое неабдуманае і тыранічнае выкарыстанне прыроды не здзяйсняе самагубства?”, - звярнуў увагу Папа.







All the contents on this site are copyrighted ©.