2014-07-29 11:05:42

Папа да пяцідзесятнікаў: паважайце разнастайнасць дароў і гармонію харызматаў


RealAudioMP3 Францішак, падчас свайго візіту ў італьянскай Казерце, які адбыўся 28 ліпеня 2016 г., прызнаў, што некаторыя дзівяцца, што Папа паехаў, каб сустрэцца з пратэстантамі. “Я прыбыў, каб сустрэцца з братамі”, - сказаў ён. Святы Айцец спаткаўся ў паўднёваітальянскім горадзе са сваім сябрам, пяцідзесятніцкім пастарам, і яго супольнасцю. Ён прызнаўся, што Папа можа мець спакусу, каб сказаць: “Я Касцёл, а вы секта”, бо “сярод тых, хто пераследаваў і асуджаў пяцідзесятнікаў” былі таксама католікі. “Я пастыр католікаў, і я прашу ў вас прабачэння за тых братоў і сясцёр, якія гэтага не разумелі або былі спакушаны д’яблам”, - сказаў Пантыфік. Ён адзначыў, што “Езус маліўся аб адзінстве. Святы Дух чыніць разнастайнасць у Касцёле. Ён гэта робіць. Але той жа Святы Дух чыніць адзінства, і Касцёл з’яўляецца адзіным у разнастайнасці. Разнастайнасць, паяднаная Святым Духам”, - растлумачыў Папа. Ён нагадаў пра “запаведзь, дадзеную Езусам свайму народу – каб былі адно”.

Святы Айцец адзначыў у той жа час неабходнасць вандравання ў прысутнасці Бога, бо менавіта яна вядзе да братэрства паміж хрысціянамі. “Мы спыняемся, глядзім адзін на аднаго, і бачым, што мы вельмі падобныя да сябе”, - лічыць Францішак. Ён заклікаў пяцідзесятнікаў паважаць “разнастайнасць дароў і гармонію харызматаў”, бо Святы Дух з’яўляецца “гармоніяй, якая стварае гэту разнастайнасць”.

Гэта была першая ў гісторыі паездка Папы за межы Рыма выключна для таго, каб сустрэцца з пратэстантамі. Візіт Францішка 28 ліпеня 2014 г. адбыўся праз два дні пасля яго пастырскага падарожжа сюды, калі ён сустрэўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю.

Францішак прыляцеў у Казерту на верталёце і спачатку накіраваўся ў дом пастара Джавані Траэціна. Пасля сустрэчы з ім і яго сям’ёй, Пантыфік адправіўся на машыне ў недабудаваны пяцідзесятніцкі храм. Там яго чакалі каля 350 чалавек, у асноўным пратэстанты, якія прыехалі не толькі з Італіі, але і з ЗША, Аргентыны, Канады, Іспаніі, Францыі і Індыі. Трымаючы ў адной руцэ свой чорны партфель, другой Святы Айцец вітаў людзей, якія махалі яму з балконаў суседніх дамоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.