2014-07-28 16:06:46

Кіраўнік англіканаў напісаў Пантыфіку


RealAudioMP3 Прымас Англіканскай Царквы, арцыбіскуп Джасцін Уэлбі, у сваім лісце да папы Францішка запрасіў яго да працягу супрацоўніцтва паміж дзвюма Цэрквамі, незалежна ад супрацьлеглага пункту гледжання адносна пасвячэння жанчын у біскупы. Рашэнне Англіканскай Царквы дапускаць жанчын да святарства і біскупства не павінна быць перашкодай для супрацоўніцтва па важных глабальных пытаннях, напісаў арцыбіскуп Кентэрберыйскі ў лісце, які быў апублікаваны брытанскай газетай “Daily Telegraph”. Ліст быў таксама накіраваны да кіраўнікоў іншых Цэркваў, у тым ліку праваслаўных.

Генеральны Сінод Англіканскай Царквы Вялікабрытаніі вырашыў два тыдні таму ўвесці біскупскія пасвячэнні для жанчын. Жанчыны могуць стаць святарамі ў гэтай супольнасці ўжо з 1992 г., што каталіцкі бок неаднаразова называў перашкодай у экуменічным дыялогу. Нават у рамках самой Англіканскай Царквы існуюць вельмі крытычныя меркаванні па гэтым пытанні.

Англіканскую Царкву з яе партнёрамі па экуменічным дыялогу злучае больш, чым падзяляе, напісаў арцыбіскуп Кентэрберыйскі. Улічваючы шматлікія праблемы, якія існуюць сёння ў свеце, агульнае сведчанне Евангелля важнейшае, чым калі-небудзь. Канфлікты ў многіх рэгіёнах, беднасць, беспрацоўе і бежанцы, патрабуюць ад Цэркваў сумесна абвяшчаць Добрую Навіну Езуса Хрыста. “Мы патрэбныя адзін аднаму”, - напісаў Уэлбі.

Ва ўсім свеце Англіканская Царква налічвае каля 77 млн. членаў. За межамі Англіі існуе 38 нацыянальных Англіканскіх Цэркваў у 26 царкоўных правінцыях, у тым ліку ў ЗША, Аўстраліі і ў шэрагу афрыканскіх краін. Каралева з’яўляецца зямной галавой Царквы, а духоўным лідэрам, прымасам, а таксама ганаровым кіраўніком, – арцыбіскуп Кентэрберыйскі, у цяперашні час 58-гадовы Джасцін Уэлбі. Тым не менш, у яго, як у першага сярод роўных, няма паўнамоцтваў адносна нацыянальных Цэркваў.







All the contents on this site are copyrighted ©.