2014-07-23 11:48:16

Якімі павінны быць біскупы на думку папы Францішка?


RealAudioMP3 Чалавек малітвы, абвяшчэння евангелля і сведчання, але, перш за ўсё, “пастыр з пахам авечак, што значыць, блізкі да людзей” – такімі якасцямі павінен валодаць біскуп на думку папы Францішка, падзяліўся ў інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Іерарх лічыць, што цяперашні Пантыфік мае настолькі яснае ўяўленне аб тым, кім павінен быць біскуп, што можна казаць аб “фотаробаце” сучаснага пастыра паводле меркавання Францішка. Біскуп, на думку Святога Айца, гэта чалавек, які “не прэтэндуе сказаць нешта новае”, тым не менш, ён мае дар, каб праліць святло на істотныя аспекты сваёй тоеснасці, як сведка Хрыста, чалавека малітвы і пастыра. Акрамя таго, ён не можа мець псіхалогіі “валадара”, але павінен быць айцом і братам, міласэрным, і міралюбівым. Біскуп, паводле Папы, “ведае, як быць наперадзе статка, каб паказаць шлях, пасярод статка, каб трымаць яго разам, за статкам, каб ніхто не застаўся ззаду”. Ён павінен дапамагчы людзям убачыць прысутнасць Бога ў канкрэтных абставінах іх гісторыі і жыцця свету, але не паддаючыся мірскому.

Праз біскупскія прызначэнні папа Францішак імкнецца сфарміраваць аблічча Касцёла беднага і для бедных, лічыць кардынал Уэле. Пастыры закліканы пакладаць надзею, у першую чаргу, не на інструменты і рэсурсы, якімі яны валодаюць, але на сілу Божай ласкі. Відавочна, што Пантыфік штурхае Касцёл выйсці і сутыкнуцца з рэаліямі свету, каб занесці Хрыста да чалавека і чалавека да Хрыста. Прычым, ён гаворыць не толькі пра матэрыяльную беднасць, але і маральную і духоўную.

Ватыканскі іерарх падзяліўся крытэрыямі выбару біскупа. Ён прызнаўся, што гаворка ідзе пра тое, каб даць дыяцэзіям пастыраў, гатовых спрыяць развіццю душпастырства, блізкага да чалавека. Яны павінны ўмець аб’яднаць або рацыяналізаваць сілы,каб даць новы апостальскі імпульс касцёльным супольнасцям, а не замкнуцца і скардзіцца на тое, што не атрымоўваецца. Патрэбны пастыры, якія, з Божай дапамогай, змогуць даць Касцёлу місійны дынамізм, не для таго, каб растварыцца ў свеце або практыкаваць “рэлігійны турызм”, але прывесці людзей да Касцёла, спаслаўся на словы папы Францішка кардынал-прэфект.

Пантыфік надае вялікае значэнне меркаванню біскупаў адносна фарміравання аблічча Касцёла. Аб гэтым сведчаць яго захады па развіццю калегіяльнасці, сведчаннем чаму з’яўляецца стварэнне Рады кардыналаў па дапамозе яму ў кіраванні Касцёлам. Ён пажадаў сістэматычна кансультавацца з іерархамі з розных частак свету па асноўных пытаннях адносна Паўсюднага Касцёла і рэформы Рымскай курыі. Апрача таго, Францішак намагаецца надаць Сіноду Біскупаў большае значэнне ў вырашэнні складаных пытанняў сучаснасці.

Кардынал Уэле прызнаўся, што Кангрэгацыя па справах Біскупаў працуе над пераглядам дакументу пад назвай “Mutuae relationes”, пра адносіны паміж біскупамі і манаскімі супольнасцямі. Гаворка ідзе пра наданне адпаведнага месца, у эклезіялагічным сэнсе, харызматам, каб іерархічны і харызматычны аспекты разглядаліся не як дзве процілеглыя рэчаіснасці, але як нешта ўзаемадапаўняльнае. Гэта патрэбна для місіі Касцёла. Кансэкраванае жыццё павінна знайсці прыдатную глебу для канкрэтнай праявы ў касцёльным жыцці на аснове супрацоўніцтва, салідарнасці, адзінства з іерархічным служэннем. Кансэкраванае жыццё павінна адпаведна цаніцца касцёльнай іерархіяй, пачынаючы з біскупаў, падкрэсліў ватыканскі кардынал.

Ён падзяліўся яшчэ адным праектам сваёй дыкастэрыі. Святы Пасад будзе прапанаваць біскупам удзельнічаць у духоўных практыкаваннях св. Ігнацыя Лаёлы. Гэта, на думку кардынала Уэле, упісваецца ў кантэкст духоўнага абнаўлення, да якога неаднаразова заклікаў Папа, і пасадзейнічае духоўна-душпастырскай разважлівасці іерархаў Касцёла.

Кардынал лічыць, што яго Кангрэгацыя павінна ў бліжэйшай будучыні палепшыць працу, звязаную з распазаннем і суправаджэннем біскупскага служэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.