Святы Пасад арганізуе Сусветны кангрэс касцёльных рухаў
Святы Пасад у трэці
раз арганізуе Сусветны кангрэс касцёльных рухаў і новых супольнасцяў. Ён адбудзецца
гэтай восенню. Для ўдзелу ў форуме, які пройдзе 20-22 лістапада ў Ватыкане, ужо зарэгістраваліся
прадстаўнікі больш чым 80 супольнасцяў з усіх кантынентаў. Арганізатарам мерапрыемства
пад назвай “Радасць Евангелля – місійная радасць” з’яўляецца Папская рада па справах
свецкіх. Папа Францішак неаднаразова выказваў асаблівую ўдзячнасць касцёльным рухам
і новым супольнасцям за іх місію ў абвяшчэнні Евангелля ў сучасных умовах.
Месцам
правядзення форуму стане Папскі міжнародны калегіум “Maria Mater Ecclesiae”. Па запрашэнні
Папскай рады па справах свецкіх у ім прымуць удзел прадстаўнікі найбольш распаўсюджаных
у свеце рухаў і супольнасцяў, ужо прызных ватыканскай дыкастэрыяй у якасці міжнародных
асацыяцый вернікаў або маючых пастаянны дыялог з ёй.
Папярэднія форумы – у
1998 г. і 2006 г. – былі звязаны з сустрэчамі касцёльных рухаў з Папамі – св. Янам
Паўлам II і Бэнэдыктам XVI. Іх мэтай было супольнае разважанне над найбольш актуальнымі
пытаннямі, якія тычацца тоеснасці і місіі асацыяцый вернікаў у Касцёле і ў свеце. Падчас
сустрэчы з рухамі, аб’яднаннямі і касцёльнымі супольнасцямі з нагоды Года Веры ва
ўрачыстасць Пяцідзесятніцы ў 2013 г. папа Францішак сказаў, што яны з’яўляюцца “дарам
і багаццем для Касцёла”, а іх місія – у “нясенні сілы Евангелля”. “Не бойцеся! Заўсёды
захоўвайце радасць і любоў да камуніі ў Касцёле”, - сказаў тады Пантыфік. Неўзабаве
пасля гэтага ён абвясціў адгартацыю “Evangelii gaudium”, якая, на думку Папскай рады
па справах свецкіх, з’яўляецца “сапраўдным дапаможнікам для касцёльных рухаў і новых
супольнасцяў”.
Зыходзячы з гэтага, Рада вырашыла арганізаваць наступны кангрэс,
“каб лепш засвоіць словы Святога Айца і прачытаць іх яшчэ раз у святле досведу і выклікаў”,
якія стаяць сёння перад касцёльнымі асацыяцыямі вернікаў. Многія з іх, з’яўляючыся
вынікам ІІ Ватыканскага Сабору 50 гадоў таму, уваходзяць у дарослы ўзрост, “этап касцёльнай
сталасці”. Жаданне Папскай рады ў тым, каб Кангрэс дапамог ім у радасным прыняцці
папскага запрашэння, далучыцца да “дынамікі місіянерскага выхаду”, новага этапу евангелізацыі,
адзначанай радасцю абвяшчэння Евангелля, што з’яўляецца “прыярытэтнай задачай на шляху
Касцёла”.