2014-07-23 13:09:48

Кіраўніцтва Францыі звярнулася за дапамогай да рэлігійных супольнасцяў


RealAudioMP3 Францыя асцерагаецца перанясення на сваю тэрыторыю блізкаўсходніх канфліктаў. У мінулыя выходныя ў Парыжы і яго прыгарадах адбыліся сур’ёзныя антысеміцкія інцыдэнты. Пра-палестынскія дэманстранты атакавалі сінагогі і яўрэйскія крамы, падпальвалі аўтамабілі, заклікалі да вынішчэння яўрэяў. У святле гэтых падзей, Прэзідэнт Франсуа Аланд запрасіў да сябе прадстаўнікоў асноўных рэлігій: юдэяў, хрысціян, мусульман і будыстаў. Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў прадстаўляў біскуп Станіслас Лалан.

“Гэта была доўгая сустрэча - сказаў у размове з Ватыканскім радыё іерарах. - Прэзідэнт вельмі занепакоены сітуацыяй. Ён асцерагаецца, што яна можа пагоршыцца”. Па словах біскупа, Аланд хоча, каб рэлігіі адыгралі сваю ролю ў аднаўленні спакою і прадухіленні перанясення ў Францыю канфліктаў звонку. Гэтаму не спрыяе хісткае сацыяльнае становішча ў краіне. Многія маладыя людзі не бачаць для сябе будучыні. Экстрэмісты могуць выкарыстаць гэта, лічыць каталіцкі іерарх. Рэлігійныя лідэры папрасілі ўлады зрабіць усё магчымае, каб захаваць рэспубліканскі парадак, хоць гэта не так проста. Тым не менш, гэта неабходна для бяспекі ўсіх, лічаць яны.

Раней Канферэнцыя Біскупаў Францыі асудзіла антысеміцкія эксцэсы. “Мы шакаваныя, як і большасць французаў”, - напісалі ў сваёй заяве французскія іерархіі. Яны заклікалі ўрад да аднаўлення грамадскага парадку. “У абліччы насілля ў свеце, па прычыне якога пакутуюць шматлікія людзі, Францыя павінна быць прыкладам таго, што магчыма суіснаванне людзей незалежна ад іх паходжання, рэлігіі і культуры”, - гаворыцца ў заяве.

У Францыі жывуць адны з найбольшых супольнасцяў яўрэяў і мусульман у Еўропе. Успышкі канфліктаў на Блізкім Усходзе прыводзяць краіну да сур’ёзных інцыдэнтаў, такіх, які меў месца ў мінулую нядзелю ў горадзе Сарсэль, на поўнач ад Парыжа. Дэманстранты, якія выступалі супраць ізраільскай аперацыі ў сектары Газа, нягледзячы на забарону дэманстрацыі, напалі на яўрэйскія крамы і сінагогі, палілі аўтамабілі.

У апошнія дні дэманстрацыі пра-палестынскіх актывістаў, якія абвяшчалі антысеміцкія лозунгі, прайшлі таксама ў Германіі, у прыватнасці ў Берліне, Эсэне і Майнцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.