2014-07-22 14:52:03

Беларусь: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў пры епіскапаце адначае 25-годдзе


RealAudioMP3 Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была адной з першых структур, свораных пасля прызначэння ў Беларусь біскупа Тадэвуша Кандрусевіча і адраджэння Касцёла ў краіне ў постсавецкія часы. Пад рознымі назвамі і ў розных складах праца па перакладах вядзецца з 1989 г. – сёлета, не складана падлічыць, ужо 25 год! На беларускай мове былі выдадзены “Катэхізіс” і “Парадак св. Імшы”. Далей больш – “Лекцыянарый”, у якім змешчана каля 80% тэкстаў Святога Пісання, што выкарыстоўваюцца ў літургіі. Вялікай падзеяй у 2012 г. стала выданне Новага Запавету – чатырох Евангелляў з прадмовамі.

Спецыялісты і далей спадзяюцца працаваць над тэкстамі Святога Пісання, над тым, што ў план дзейнасці секцыі ўключыць Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і ўвогуле над тым, што будзе запатрабавана беларускімі вернікамі, сказаў старшыня секцыі, кс. доктар Ян Крэміс. “Я хачу падзякаваць тым, хто на працягу гэтага часу працаваў над перакладамі, хто стаяў ля вытокаў секцыі, хто сёння займаецца гэтай адказнай справай, даручанай Богам. Мне здаецца, што пераклады атрымоўваюцца на дабрым узроўні, гэта прыгожая беларуская мова, якая дапамагае чалавеку ў пазнанні Бога. Усім жадаю, каб была магчымасць пазнаваць Бога, каб пазнаўшы мы Яго чулі і разумелі, а разумеючы маглі рэалізоўваць Яго слова ў штодзённым жыцці”, - сказаў святар.

Зараз Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла рыхтуецца завяршыць пераклад на беларускую мову Літургіі гадзінаў – можна сказаць, адной з настольных кніг Касцёла, якой і святары, і вернікі карыстаюцца на працягу ўсяго года. Зараз вядзецца праца над яе трэцім томам, у перспектыве – чацвёрты. Раней, у 2013 г., у свет выйшаў, прысвечаны Вялікаму посту і Пасхальнаму трыдууму, другі том, які стаў чарговым, без перабольшання, дасягненнем. Менавіта дасягненнем – праца гэта руплівая і доўгая, пераклад адной такой кнігі займае прыкладна год, паведаміў старшыня Секцыі, кс. доктар Ян Крэміс. “Каб мець уяўленне, напраклад, другі том – 1963 старонкі, гэта біблійныя тэксты, гэта псальмы, якія размеркаваны на чатыры тыдні. Потым акрамя самога перакладу, трэба правесці тэхнічнае выкананне. Шмат месцаў, дзе ёсць спасылкі: напрыклад, гімн такі, старонка такая. Таму, калі кніга гатова да выдання, яшчэ трэба правесці вельмі вялікую працу, каб спасылкі адпавядалі. Каб чалавек мог разгарнуць у вызначаным месцы і на канкрэтнай старонцы”, - патлумачыў святар.

У выпадку з Літургіяй гадзінаў, як і ўсіх літургічных тэкстаў, пераклад робіцца з лацінскай мовы. Тэксты Святога Пісання – з моваў арыгінальных. Афіцыйныя ж (дакументы ІІ Ватыканскага сабору, Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, Катэхізіс, энцыклікі, адгартацыі Пантыфікаў) перакладаюць з італьянскай. Гэта і ёсць два асноўныя напрамкі працы Секцыі. І калі пераклад літургічных кніг робіцца чаргова, то пераклад дакументаў Святога Пасаду і Папы падобны на “тэрміновую навіну”, якую ў хуткім часе павінны прачытаць вернікі на зразумелай для іх мове.

Увогуле, рашэнне аб выкарыстанні ў мясцовых Касцёлах нацыянальных моваў было прынята на ІІ Ватыканскім Саборы, але вытокі неабходнасці перакладу яшчэ ранейшыя, лічыць старшыня секцыі кс. доктар Ян Крэміс. “Фактычна не ад ІІ Ватыканскага сабора, а ад спаслання Духа Святога пачалося выкарыстанне роднай мовы, бо калі Дух Святы сышоў на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы, яны пачалі прамаўляць на розных мовах. Таму фактычна Касцёл ужо два тысячагоддзі ўводзіць у жыццё мовы розных народаў. Гэта карысна для вернікаў, для нашага Касцёла, увогуле для грамадства і для Айчыны”, - адзначыў кс. Ян Крэміс.

Пастаянна ў Секцыі працуе каля 10 чалавек – гэта святары і свецкія вернікі – усе з тэалагічнай і філалагічнай адукацыяй. Трэба адзначыць, што ў кожнага ёсць і штодзённая праца, і іншыя абавязкі, але яны застаюцца “сябрамі” секцыі. Калі патрэбна, дадаткова запрашаюцца спецыялісты ў пэўнай галіне, і толькі праз абмеркаванні і калегіяльнае рашэнне паўстае праект перакладу. Пытанняў на кожным этапе ўзнікае шмат – з-за спецыфікі тэкстаў і тэрміналогіі. Вядома, мова – з’ява жывая, а перакласці трэба на сучасны літаратурны варыянт. І ён не можа быць мастацкім, бо некаторыя тэксты паводле патрабаванняў павінны быць перакладзены і даслоўна, і ў адпаведным парадку, адзначыў кс. доктар Ян Крэміс. “У нас ёсць прадстаўнікі чатырох дыяцэзій, бо ёсць рэгіянальныя адрозненні мовы, інакш кажуць на ўсходзе і на захадзе краіны, а нам трэба знайсці варыянт, які будзе ўсіх задавальняць. З кожным годам гэта праца становіцца больш зразумелай, бо ёсць ужо напрацоўкі тэрмінаў і паняццяў, выдадзена шмат кніг: абрады цэлебрацыі ўсіх сакрамэнтаў, імшал і іншыя кнігі. І з кожным годам гэта праца паляпшаецца”, - лічыць старшыня секцыі.

Сваю так званую ацэнку ўсім перакладзеным тэкстам дае і Апостальская Сталіца. Праекты перакладу дасылаюцца ў Ватыкан і толькі пасля зацвярджэння могуць быць выдадзены. Як раз зараз гэту працэдуру праходзіць “Парадак хрысціянскага ўтаямнічання дарослых”. І магчыма з дня на дзень тэкст вернецца ў Беларусь, і потым чарговая літургічная кніга на беларускай мове з’явіцца ў нашых касцёлах.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.