Кіраўнік Англіканскай Царквы патлумачыў апошняе рашэнне Сінода
Прычыны рашэння Генеральнага
Сінода Англіканскай Царквы ў Англіі, які дазволіў біскупскае пасвячэнне жанчын, у
спецыяльным лісце патлумачыў арцыбіскуп Джасцін Уэлбі. Ён накіраваў яго, у першую
чаргу, да тых рэлігійных супольнасцяў, з якімі вядзецца экуменічны дыялог. Кіраўнік
Англіканскай Царквы прызнае і ўсведамляе, што гэта рашэнне нараджае ўнутры яго Царквы
дваякую рэакцыю. З аднаго боку, выклікае радасць, асабліва жанчын, якім было ўдзелена
святарскае пасвячэнне, бо атрымалі пацвярджэнне свайго месца і служэння ў супольнасці.
З іншага боку, рашэнне стала прычынай расчаравання і росту заклапочанасці
многіх іншых. Такім жа чынам выглядае сітуацыя з яго успрыняццем некаторымі хрысціянскімі
канфесіямі, асабліва католікамі і праваслаўнымі. Нягледзячы на гэта, “Англіканская
Царква будзе працягваць працаваць над тым, каб зрабіць больш відавочнай нашу еднасць
з тымі, хто застаецца ў зносінах з намі, а таксама шукаць больш глыбокага адзінства
з тымі, з кім мы не застаемся ў зносінах”, - гаворыцца ў дакуменце.
Арцыбіскуп
Уэлбі адзначае, што некаторыя Цэрквы знойдуць у апошнім рашэнні англікан яшчэ адну
перашкоду на шляху да поўнага адзінства. Але ён стараецца паказаць, на яго погляд,
станоўчыя элементы. “Нягледзячы ні на што, нас шмат аб’ядноўвае. І я буду маліцца,
каб гэтыя вузы сяброўства і надалей ўмацоўваліся, і каб узаемнае разуменне нашых традыцый
пастаянна развівалася”, - напісаў арцыбіскуп Кентэрберыйскі. Ён дадаў, што ёсць яшчэ
вельмі шмат прасторы, дзе можна разам сведчыць аб Евангеллі. Гэта месцы ў свеце, дзе
працягваюцца канфлікты, існуе праблема крайняй галечы, беспрацоўя і пытанне іміграцыі.
“Мы патрэбныя адзін аднаму, таму што разам, як Цэрквы, умацаваныя Святым Духам, маем
заданне абвяшчаць Добрую Навіну аб нашым Пану і Збаўцы Езусе Хрысце, і імкнуцца да
больш цеснага сяброўства і большага адзінства”, - напісаў арцыбіскуп Уэлбі.