2014-07-19 11:22:28

Святы Айцец: тэрарызм – гэта шаленства


RealAudioMP3 “Тэрарызм – гэта шаленства. Тэрарызм толькі забівае, нічога не будуе; ён разбурае”, - сказаў папа Францішак у сваім відэазвароце да дваццатай гадавіны нападу на штаб-кватэру Асацыяцыі ізраільска-аргентынскага супрацоўніцтва (AMIA), які адбыўся ў Буэнас-Айрэсе 18 ліпеня 1994 г. У той дзень на паркоўцы побач з будынкам Асацыяцыі выбухнуў аўтамабіль начынены дынамітам. Тады загінула 85 асоб і больш за 200 атрымалі раненні. Відэазварот быў запісаны на сотавы тэлефон Клаўдыё Эпельманам, старшынёй Лацінаамерыканскага яўрэйскага кангрэса, які нядаўна сустракаўся з Пантыфікам. “Дваццаць гадоў пасля трагедыі - сказаў Святы Айцец - я хацеў бы выказаць сваю блізкасць да аргентынскай яўрэйскай супольнасці і ўсіх сем’яў загінулых, яўрэйскіх і хрысціянскіх”. Гаворачы пра многія “забраныя жыцці, разбураныя надзеі, руіны”, выкліканыя нападам, Папа падкрэсліў, што “Буэнас-Айрэс з’яўляецца горадам, які павінен плакаць, паколькі да гэтага часу не плакаў дастаткова”, таму што чалавек вельмі схільны забывацца пра некаторыя важныя рэчы і не рабіць з іх высновы. Трэба памятаць пра пакуты іншых і шкадаваць пра тое цудоўнае, што не было рэалізавана.

Францішак заклікаў стаць на шлях справядлівасці, колькі б гэта нам не каштавала, каб супрацьставіцца тым негатыўным рэчам, вынікам якіх стновяцца такія трагедыі, наносячы шкоду грамадству. “Давайце чыніць справядлівасць”, - заклікаў Пантыфік. Сваё відэапасланне ён завяршыў малітвай за памерлых і папрасіў бласлаўлення для іх сем’яў.







All the contents on this site are copyrighted ©.