Пантыфік даслаў е-мэйл да пробашча адзінай парафіі ў Газе
“Дарагі брат! Я атрымаў
паведамленне праз кс. Марыё Карнёлі. Я выказваю сваю блізкасць табе, сёстрам і ўсёй
каталіцкай супольнасці. Я суправаджаю вас сваёй малітвай і блізкасцю. Няхай Езус благаславіць
вас і Маці Божая вас абараняе. З братэрскім прывітаннем! Францішак”. Гэта дакладны
змест электроннага ліста, які Пантыфік даслаў пробашчу адзінай каталіцкай парафіі
ў сектары Газа, айцу Хорхе Эрнандэсу. Паведамленне прыйшло да яго 17 ліпеня 2014 г.,
як раз перад канцом так званага перамір’я паміж ваюючымі бакамі і пачаткам наземнай
аперацыі ізраільскіх войскаў у гэтым раёне.
Святы Айцец падкрэсліў такім чынам
сваю салідарнасць з супольнасцю з 200 католікаў у Газе, якая апынулася ў цэнтры інтэнсіўных
ваенных дзеянняў, якія адбываюцца там ужо на працягу некалькіх дзён. У сераду, 16
ліпеня ізраільскія ракеты знішчылі дом, які стаяў насупраць касцёла. Пасля пачатку
ваеннай аперацыі Ізраіля туды перайшла супольнасць Сясцёр місіянерак міласэрнасці,
28 дзяцей-інвалідаў і дзевяць пажылых жанчын. Перад абстрэлам, аднак, яны ўсе паспелі
эвакуіравацца. Менавіта на гэта здарэнне спаслаўся ў сваім е-мэйле Пантыфік.
“У
другой палове дня, пасля 17.00, тры ракеты знішчылі будынак, які знаходзіўся вельмі
блізка да парафіі. Раней нам патэлефанавалі з Ізраіля і заклікалі пакінуць наш дом.
Усе былі перамешчаны на тэрыторыю парафіі, таму што там было больш бяспечна”, - сказала
сястра Лаўдзіс, адна з місіянерак Маці Тэрэзы з Калькуты. Як паведамілі ў Лацінскім
Патрыярхаце Іерусаліма, у касцёле ў Газе трывае вечная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
ў інтэнцыі ўзаемнага паяднання, справядлівасці і міру.