2014-07-19 12:30:35

Нунцый: у Іраку хрысціян выганяюць з дамоў і забараняюць дапамагаць ім


RealAudioMP3 Становішча хрысціян у Іраку становіцца ўсё больш і больш драматычным, кажа Апостальскі нунцый у гэтай краіне, арцыбіскуп Джорджыа Лінгва. Ён пацвердзіў паведамленні аб захопе джыхадзістамі ў Масуле дамоў, якія належаць хрысціянам, а таксама ўвядзенне забароны на любую гуманітарную дапамогу хрысціянам. “Вакол Масула і ў горадзе ўжо амаль няма хрысціян. Тых, хто застаўся, мы просім, як мага хутчэй пакінуць гэты раён”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

“Тут сітуацыя сапраўды сур’ёзная: хрысціянам загадалі прыняць іслам або плаціць рэлігійны падатак, якi спаганяецца з немусульман. У адваротным выпадку, яны павінны пакінуць горад”, - сказаў іерарах і дадаў, што біскупы папрасілі невялікую групу паслядоўнікаў Хрыста, якія ўсё яшчэ застаюцца на месцы, як мага хутчэй выехаць з горада. “Гэта ў асноўным пажылыя людзі. На дамах многіх з іх ужо з’явіліся напісы “уласнасць ісламскай дзяржавы”, - сказаў нунцый. Мінімальны памер штомесячнага рэлігійнага падатку складае 250 долараў ЗША. У цяперашняй цяжкай эканамічнай сітуацыі ў Іраку зарабіць такую ​​суму практычна немагчыма.

Паводле слоў арцыбіскупа, каля Масулу ўсё яшчэ жывуць некалькі хрысціянскіх сем’яў, два манахі і брат з супольнасці св. Яфрэма. “На Нінэвійскай раўніне, дзе ў асноўным хаваюцца хрысціяне, існуе складаная сітуацыя. Там вельмі высока тэмпература паветра, адсутнічае вада і электрычнасць. Таму “Caritas” пачала працу па капанні студні”, - падзяліўся Апостальскі нунцый у Іраку.

Групоўка “Ісламская дзяржава”, якая ваявала да нядаўняга часу ў Сірыі, у чэрвені пачала наступленне на паўночныя і заходнія раёны Ірака. Да яе далучыліся іракскія суніты, дробныя тэрарыстычныя групы, ваенныя з былой арміі Садама Хусэйна. Групоўка абвясціла 29 чэрвеня 2014 г. аб стварэнні ісламскага халіфата на падкантрольных ёй тэрыторыях у Іраку і Сірыі. Халіфам быў абвешчаны лідэр баевікоў Абдала Ібрагім ас-Самараі, таксама вядомы як Абу Бакр аль-Багдадзі. Самаабвешчаны халіфат у гэты момант працягваецца ад Алепа на поўначы Сірыі да правінцыі Дыяла на ўсходзе Ірака.







All the contents on this site are copyrighted ©.