2014-07-18 12:19:53

Святы Пасад заклікаў мусульман да супольнага адказу на выклікі сучаснасці


RealAudioMP3 “Дарагія браты і сёстры мусульмане”, - такімі словамі пачынаецца пасланне Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу да вызнаўцаў іслама ў сувязі з заканчэннем Рамадана, “месяца посту, малітвы і дапамогі бедным”. “На самой справе, хрысціяне і мусульмане з’яўляюцца братамі і сёстрамі ў адной чалавечай сям’і, створанай Адзіным Богам”, - падкрэсліваюць аўтары. У пасланні ўзгадваюцца словы св. Яна Паўла II да мусульманскіх рэлігійных лідэраў у 1982 г. Пантыфік падкрэсліў у той час, што і хрысціяне, і мусульмане, “жывуць пад сонцам аднаго міласэрнага Бога”, “вераць у Адзінага Бога, Які з’яўляецца Створцам чалавека”, “бароняць годнасць чалавека як слугі Божага”. “Мы дзякуем Усявышняму за тое, што ў нас ёсць агульнага, застаючыся свядомымі нашых адрозненняў. Мы ўспрымаем важнасць садзейнічання плённаму дыялогу, пабудаванаму на ўзаемнай павазе і сяброўстве. Натхнёныя нашымі агульнымі каштоўнасцямі і ўмацаваныя нашымі пачуццямі сапраўднага братэрства, мы пакліканы працаваць разам для справядлівасці, міру і павагі да правоў і годнасці кожнага чалавека”, - гаворыцца ў пасланні ватыканскай дыкастэрыі.

Аўтары звяртаюць увагу на ўзаемную адказнасць хрысціян і мусульман за найбольш патрабуючых: “бедных, хворых, сірот, мігрантаў, ахвяр гандлю людзьмі, і тых, хто пакутуе ад розных залежнасцяў”. Да такіх супольных выклікаў належаць таксама: “пагрозы для навакольнага асяроддзя, крызіс сусветнай эканомікі і высокі ўзровень беспрацоўя, асабліва сярод моладзі”. Не можа застацца без увагі праблема бежанцаў. “Давайце працаваць разам, каб пабудаваць масты міру і садзейнічаць прымірэнню, асабліва ў рэгіёнах, дзе мусульмане і хрысціяне разам пакутуюць ад жаху войнаў”, - гаворыцца ў пасланні. Сучасны свет патрабуе сведчання, што “рэлігіі могуць быць крыніцай гармоніі ў інтарэсах грамадства”.

У пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу гучыць заклік да малітвы, каб паяднанне, справядлівасць, мір і развіццё занялі першае месца сярод прыярытэтаў чалавечай сям’і.

Адзначаецца, што да пажаданняў далучаецца папа Францішак, які ў мінулым годзе асабіста падпісаў падобны зварот.







All the contents on this site are copyrighted ©.