2014-07-18 14:06:36

Ватыканскі кардынал: Папа не крытыкуе капіталізм


RealAudioMP3 Папа не крытыкуе капіталізм, але гаворыць пра рынак і яго антрапалагічны сэнс. На гэта звярнуў увагу старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” у інтэрв’ю рымскаму каталіцкаму агенцтву “Zenit”. Ватыканская дыкастэрыя арганізавала нядаўна (11-12 ліпеня 2014 г.) міжнародны семінар на тэму глабальнага агульнага дабра і інклюзіўнай эканомікі. Кропкай адліку было сацыяльнае вучэнне папы Францішка, з асаблівым акцэнтам на Апостальскую адгартацыю “Evangelii Gaudium”. Сустракаючыся 12 ліпеня з удзельнікамі форуму, Святы Айцец гаварыў з імі аб антрапалагічным рэдукцыянізме, звязаным з адчужэннем сучаснай эканомікай цэлых катэгорый людзей: дзяцей, пажылых і моладзі.

У інтэрв’ю кардынал Пітэр Тарксан нагадаў, што адгартацыя “Evangelii Gaudium” не з’яўляецца дакументам сацыяльнай дактрыны Касцёла. Папа прысвяціў яе евангелізацыі, прымаючы таксама пад увагу праблемы сучаснага свету, якія з’яўляюцца перашкодай на шляху абвяшчэння Евангелля. Не можна ўгледзець у гэтай адгартацыі крытыкі капіталізму. Слова “капіталізм” увогуле ў ёй не выступае. Францішак піша, аднак, аб рынку. Ён не хоча, каб рынак толькі ўключыў хрысціянскія каштоўнасці ў сваю ідэалогію. Гаворка ідзе пра яго антрапалагічную аснову. Пантыфік нагадаў, што Бог стварыў чалавека, каб паставіць яго ў цэнтры ўсяго тварэння. Справы ідуць не так, калі ў гэтым месцы ставіцца нешта іншае – рынак або фінансы – і чалавек пачынае служыць ім. Найбольш важная выснова Францішка ў тым, што рынак павінен служыць чалавечай асобе, а не наадварот, лічыць ватыканскі кардынал. На думку кіраўніка Папскай рады Святы Айцец заклікае да прыняцця належнай антрапалогіі, якая б не прыніжала або абмяжоўвала чалавека.

Двухдзённая канферэнцыя прайшла ў мінулыя выходныя ў Рыме на тэму: “Глабальнае агульнае дабро – на шляху да інклюзіўнай эканомікі”. У ёй прынялі ўдзел у тым ліку высокапастаўленыя прадстаўнікі Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і ААН.







All the contents on this site are copyrighted ©.