2014-07-17 14:17:03

Руская Праваслаўная Царква: праз біскупскія пасвячэнні жанчын, дыялог з англіканамі звужаецца


RealAudioMP3 “Праваслаўная Царква адмоўна ставіцца да так званага жаночага святарства і жаночага біскупства. Мы бачым у гэтым працэсе ўхіленне Англіканскай Царквы і цэлага шэрагу пратэстанцкіх дэнамінацый ад першапачатковага касцёльнага ладу і прытрымліванне сучасных ліберальных тэндэнцый. Мы шкадуем, што такія рашэнні прымаюцца”, - сказаў кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён у інтэрв’ю “Інтэрфакс-Рэлігія”. Паводле яго слоў, такія крокі не набліжаюць да таго адзінства, “аб якім усё яшчэ кажуць іншы раз на міжхрысціянскіх сустрэчах, як пра мэту гэтых сустрэч”.

“Прастора для дыялогу звужаецца па віне нашых партнёраў, і мы гэта канстатуем з вялікім шкадаваннем”, - заявіў праваслаўны іерарх. Ён звярнуў увагу на тое, што, паводле вучэння Касцёла, пераемнасць касцёльнай улады праходзіць праз прамы ланцуг пасвячэнняў біскупаў, і гэты ланцуг узыходзіць да апосталаў. “Наяўнасць у епіскапаце жанчын для нас закрывае дзверы для любога абмеркавання тэмы пераемнасці ў англіканскім епіскапаце”, - заявіў суразмоўца агенцтва, дадаўшы, што Руская Праваслаўная Царква будзе працягваць дыялог з англіканамі з надзеяй на тое, што яе голас будзе пачуты.

Генеральны сінод Англіканскай Царквы 14 ліпеня 2014 г. пастанавіў дапусціць пасвячэнне жанчын у біскупы. Святарства жанчын уведзена ў англікан з пачатку 1990-х гадоў, і ў цяперашні час яны складаюць траціну кліру Царквы. Пасвячэнне жанчын у біскупы ўжо практыкуецца ў пратэстантаў у ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, Аўстраліі, Ірландыі і Уэльсе.







All the contents on this site are copyrighted ©.