2014-07-16 11:47:01

Ватыканскі гісторык пра складанасці дыялогу паміж англіканамі і католікамі


RealAudioMP3 Адкрыццё магчымасці біскупскіх пасвячэнняў для жанчын у Англіканскай Царкве значна ўскладніць экуменічны дыялог, лічыць галоўны рэдактар ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”, Джавані Марыя Віян. “Але гэта, вядома, не азначае канец”, - сказаў спецыяліст па гісторыі Касцёла ў інтэрв’ю італьянскай “La Stampa”. У той жа час, дактрынальны разрыў паміж англіканамі і католікамі сур’ёзна павялічыўся, лічыць Віян. Гэта таксама тычыцца і адносін паміж англіканамі і праваслаўнымі. Акрамя таго, апошняе рашэнне сінода Англіканскай Царквы прынясе яшчэ большую нязгоду ў яе ўласныя шэрагі. Многія англікане, асабліва ў паўднёвым паўшар’і, выступаюць рашуча супраць біскупскіх пасвячэнняў жанчын.

Захаванню экуменічнага дыялогу, лічыць ватыканскі журналіст і гісторык, паспрыяюць асабістыя кантакты і сяброўства паміж хрысціянамі розных канфесій. Ён нагадаў, што адносіны паміж Папам і англіканскім Прымасам узмацніліся яшчэ падчас пантыфікату ​Яна XXIII (1958-1963). Таксама цяперашні арцыбіскуп Кентэрберыйскі, Джасцін Уэлбі, падчас нядаўняга візіту ў Ватыкан, выказаў сваю блізкасць і глыбокую ўдзячнасць папе Францішку.







All the contents on this site are copyrighted ©.