2014-07-15 12:34:08

Іерарх са Святой Зямлі падзякаваў Папе за падтрымку


RealAudioMP3 Дапаможны біскуп Лацінскага Патрыярхату Іераусаліма падзякаваў папе Францішку за яго словы падтрымкі. “Ніякіх лічбаў не хопіць, каб апісаць нашы пакуты”, - сказаў біскуп Уільям Шамалі, каментуючы драматычную сітуацыю ў сектары Газа. Тысячы людзей засталіся без прытулку, адчуваецца недахоп харчавання і медыкаментаў. Іншыя ратуюцца ў лагерах бежанцаў. 170 палестынцаў забіта і прынамсі паўтары тысячы атрымалі раненні. “Мы ўдзячныя Папе, што ён нагадаў аб нашым лёсе і заклікаў працягваць маліцца”, - сказаў іерарх, спасылаючыся на нядзельны заклік Святога Айца падчас малітвы “Анёл Панскі”. “Гэтыя словы вельмі неабходныя і з’яўляюцца працягам папскага ўдзелу ў намаганнях па аднаўленні міру. Моцным акцэнтам быў візіт Францішка ў Святую Зямлю і гістарычнае малітоўнае спатканне ў Ватыкане. Прамоўленыя падчас яго словы, што “будаванне міру патрабуе больш намаганняў, чым вядзенне вайны”, застаюцца для нас выклікам і заданнем”, - падкрэсліў біскуп Шамалі. Ён дадаў, што калі вынікі гэтай сустрэчы бачныя не адразу, не можна казаць аб яе бясплённасці. “Калі няма плёну малітвы, гэта кажа не аб слабасці Бога, але аб адсутнасці дастатковай добрай волі з боку чалавека”, - сказаў іерарх са Святой Зямлі.







All the contents on this site are copyrighted ©.