2014-07-15 11:23:58

Фінал Чэмпіяната свету па футболе вачыма прэфекта Папскага дому


RealAudioMP3 “Пасля перамогі Германіі над Бразіліяй, я чакаў цікавай, напружанай і захапляльнай гульні. Было не зусім так, але я думаю, што ў канцы каманда, якая гуляла лепш, перамагла”, - так пракаментаваў вынік фіналу футбольнага Чэмпіяната свету арцыбіскуп Георг Генсвайн, прэфект Папскага дому. Іерарах, які з’яўляецца да таго ж асабістым сакратаром Бэнэдыкта XVI, прызнаўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што ні Пантыфік на пенсіі, ні папа Францішак не глядзелі прамой трансляцыі фінальнага матчу паміж Аргентынай і Германіяй у Рыа-дэ-Жанейра. “Канешне, я заўзеў за каманду блізкую майму сэрцу. І было асабліва прыемна, што у “бундэсманшафт” было некалькі футбалістаў з Баварыі”, - сказаў ватыканскі іерарх. Фінальны матч ён глядзеў у сваім доме, у кляштары “Mater Ecclesiae”, у кампаніі сясцёр з інстытута “Memores Domini”, якія займаюцца гаспадаркай сядзібы Бэнэдыкта XVI. Разам з арцыбіскупам яны заўзелі за каманду Германіі. Як прызнаўся арцыбіскуп Генсвайн, Папа на пенсіі перад гульнёй адправіўся спаць. “Я запрасіў яго паглядзець матч, але ён, як і папа Францішак, не захацеў гэта рабіць, і пажадаў, каб на наступны дзень яго паінфармавалі аб выніку”, - сказаў асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI.

Тое, што Германія і Аргентына сустрэнуцца ў фінале, стала ясна яшчэ ў мінулы чацвер вечарам. Таму ўвага футбольных заўзятараў была скіравана на Ватыкан. Прычынай, вядома, было паходжанне двух Пантыфікаў: Францішка з Аргентыны і Бэнэдыкта XVI з Германіі. СМІ ўсяго свету разважалі, ці будуць яны разам глядзець трансляцыю.

“Мяне парадаваў той факт, што Ватыкан, два Папы, сталі прадметам сімпатычнай рэкламы. Так атрымалася, што дзве каманды былі персаналізаваныя ў двух асобах: Францішку і Бэнэдыкце, што выклікала вялікую сімпатыю, і гэта зрабіла на мне добрае ўражанне”, - сказаў арцыбіскуп Генсвайн, хоць прызнаўся, што ў такога роду паведамленнях “таксама была скрытая пэўная колькасць іроніі”. “Але ў цэлым Ватыкан, дзякуючы гэтаму спартыўнаму элементу, атрымаў шмат спагады”, - адзначыў ён.

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што папа Францішак на працягу апошніх чатырох тыдняў дэманстраваў не толькі свой энтузіязм у адносінах да футболу, але і падкрэсліў шырокія гарызонты спорту, у якім прысутнічае міжчалавечая сустрэча і патэнцыял мірнага абмену. “Усюды, дзе людзі сустракаюцца на ўзроўні спорту, дзе такога роду падзеі маюць вялікі ўплыў на ўвесь свет, важнай з’яўляецца прысутнасць Касцёла, Ватыкана і веры. Людзі, якія гуляюць у футбол, футбалісты, калі робяць знак крыжа, з’яўляюцца людзьмі веры. Калі свет спорту адчужаецца ад нармальнага свету веры, па ўласнай віне выдаляецца нешта істотнае. Гэта не можа адбыцца, і так не адбываецца, таму я вельмі рады, што ў ліпені свет спазнаў, у розных формах, станоўчы імідж Касцёла і Ватыкана”, - сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Генсвайн.







All the contents on this site are copyrighted ©.