2014-07-15 12:18:15

Старшыня Папскай рады пра выклікі для афрыканскай сям’і


RealAudioMP3 Аб цэнтральным месцы сям’і ў Касцёле і грамадстве Афрыкі казаў у сталіцы Конга, Бразавіль, арцыбіскуп Вінчэнца Палья. Старшыня Папскай Рады па справах сям’і ўдзельнічаў у пасяджэнні Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцый Цэнтральнай Афрыкі (ACERAC), якое завяршылася 13 ліпеня 2014 г. На асамблеі прысутнічалі біскупы з Камеруна, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Чаду, Конга, Экватарыяльнай Гвінеі і Габона. Дыскусія засяродзілася на сям’і ў перспектыве двух бліжэйшых пасяджэнняў Сінода Біскупаў, прысвечаных гэтай тэме.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што папа Францішак для першага падчас свайго пантыфікату Сінода абраў тэму сям’і, беручы ўзор з Яна Паўла II. Ён таксама свой першы Сінод Біскупаў, плёнам якога стала адгартацыя “Familiaris Consortio”, прысвяціў гэтай тэме. Святы Папа неаднаразова звяртаў увагу на важнасць сям’і для Афрыкі. У сваёй адгартацыі, выдадзенай пасля першага для гэтага кантыненту спецыяльнага Сіноду, „Ecclesia in Africa”, ён напісаў, што ў афрыканскай культуры і традыцыі шырока прызнаецца асноватворная роля сям’і. Афрыканец, адкрыты на веліч сям’і, любові і жыцця, любіць дзяцей, якіх прымае з радасцю, як дар Божы.

Тым не менш, - звярнуў увагу арцыбіскуп Палья - афрыканская сям’я знаходзіцца пад уплывам глабалізацыі. Ён нагадаў меркаванне Бэнэдыкта XVI, які ў адгартацыі “Africae munus”, выдадзенай пасля другога Сінода для Афрыкі, паказаў на існуючыя там праблемы. Таксама і на афрыканскім кантыненце існуюць працэсы, якія маюць на мэце скажэнне паняцця сужэнства і сям’і, дэвальвацыі мацярынства, баналізацыі абортаў, палягчэння разводаў. Квітнее рэлятывізм “новай этыкі”, звярнуў увагу Папа. Над гэтымі вылікамі - падкрэсліў старшыня Папскай рады па справах сям’і - трэба разважаць. І добра, што Касцёл у Афрыцы ўжо робіць гэта.







All the contents on this site are copyrighted ©.