2014-07-14 14:39:35

Удзельнікі ватыканскай канферэнцыі заклікалі да перагляду эканамічнай сістэмы


RealAudioMP3 Пра неабходнасць хуткага закрыцця “падатковых аазісаў”, стварэнне справядлівых глабальных падатковых сістэм і барацьбу з міжнароднай злачыннасцю, карупцыяй і адмываннем грошай размаўлялі ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню, якая прайшла ў выходныя ў Ватыкане і была арганізавана Папскай радай “Iustitia et Pax” на тэму агульнага дабра і інклюзіўнай эканомікі. На ёй была падкрэслена небяспека існавання бесчалавечнай палітыкі многіх краін і шматлікіх міжнародных карпарацый, амаральнасць фінансавых спекуляцый. Эксперты заўважылі, што Каталіцкі Касцёл і іншыя супольнасці і рэлігіі павінны мацней казаць аб неэтычных паводзінах у эканоміцы.

У канчатковым дакуменце кангрэсу гаворыцца, у прыватнасці, што міжнародная супольнасць і “Вялікая дваццатка” павінны вырашыць праблему вялікіх банкаў, якія з’яўляюцца “занадта вялікімі, каб збанкрутаваць”. Сур’ёзна павінны быць разгледжаны таксама: адмоўная падатковая канкурэнцыя, ухіленне ад выплаты падаткаў і карупцыя. Не можа існаваць далей сітуацыя, калі міжнародныя карпарацыі не плацяць адэкватных падаткаў, лічаць удзельнікі ватыканскага форуму. Яны падкрэслілі, што дзяржава нясе галоўную адказнасць за забеспячэнне агульнага дабра. Цяперашняя эканамічная парадыгма, якая арыентавана выключна на назапашванне капіталу, павінна быць ператворана ў сістэму, якая не рэгулюе грашовыя патокі, але ставіць іх на службу. Патрэбны праграмы для спынення беспрацоўя сярод моладзі, абароны сельскагаспадарчых рабочых і стварэнне працоўных месцаў для ўсіх.


Перамовы па распрацоўцы плану па ўстойлівым развіцці і новага глабальнага пагаднення па клімаце ў 2015 г. для ўсіх краін свету павінны мець самы высокі прыярытэт, гаворыцца ў канчатковым дакуменце форуму. Акрамя таго, павінны быць падтрыманы розныя ініцыятывы міжнароднай супольнасці і арганізацый грамадзянскай супольнасці па барацьбе з дыскрымінацыяй у адносінах да жанчын, гандлем людзьмі, міжнароднай злачыннасцю, карупцыяй, адмываннем грошай і дзіцячай працай.

Двухдзённая канферэнцыя прайшла ў выходныя ў Рыме на тэму: “Глабальнае агульнае дабро – на шляху да інклюзіўнай эканомікі”. У ёй прынялі ўдзел у тым ліку высокапастаўленыя прадстаўнікі Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і ААН.







All the contents on this site are copyrighted ©.