2014-07-14 13:54:51

Па меншай меры 60 хрысціян у Іране ўтрымліваюцца ў турмах за веру


RealAudioMP3 Арганізацыя пад газвай “Middle East Concern” паведаміла пра па меншай меры 60 хрысціян, якія ўтрымліваюцца ў турмах Ірану толькі таму, што з’яўляюцца паслядоўнікамі Езуса Хрыста. Роберт Дункан прадставіў міжнароднай хрысціянскай ініцыятыве “Open Doors” (Адчыненыя дзверы) фактары, якія вядуць да гэтай сітуацыі. Па-першае, урад лічыць некаторыя рэлігійныя супольнасці пагрозай для нацыянальнай бяспекі. Лідэры так званых “хатніх супольнасцяў” (хрысціяне, якія па прычыне пераследу збіраюцца ў прыватных дамах) падвяргаюцца арышту і караюцца ў першую чаргу, хоць падчас паліцэйскіх аблаў усе члены суппольнасці бяруцца пад варту для допыту. У многіх выпадках, гэтыя людзі падпісваюць заяву, у якой абавязваюцца спыніць любую хрысціянскую дзейнасць. На момант допытаў яны часта перавозяцца ў невядомым кірунку. Усё гэта робіцца без прысутнасці адвакатаў. Іх сем’і нічога не ведаюць пра месцазнаходжанне сваіх блізкіх. Кнігі, кампутары, мабільныя тэлефоны канфіскуюцца, часам забіраецца ўся маёмасць. Касцёлы і хрысціяне знаходзяцца пад пастаянным і паўсюдным кантролем.

Адвакацкая дапамога для хрысціян у Іране не з’яўляецца нормай. Бывае, што юрыстам пагражаюць і нават арыштоўваюць. Гэта стала частай з’явай асабліва ў апошні час. Калі хрысціян выпускаюць пад заклад, яны атрымліваюць ад уладаў распараджэнне пакінуць краіну. Цяжка чакаць справядлівага рашэння ад так званых рэвалюцыйных судоў.

Турмы ў Іране, як правіла, перапоўненыя, і фізічнае і псіхалагічнае насілле, нават катаванні, на парадку дня. Недастатковая медыцынская дапамога ці яе поўная адсутнасць прыводзяць да аслаблення асуджанага, як было ў выпадку пастара Саіда Абэдзіні. Пасля вызвалення з турмы хрысціяне знаходзяцца пад кантролем. Часта гэта спалучаецца з пагрозамі і паўторнымі арыштамі ў выпадку далейшай хрысціянскай дзейнасці.

Міжнародная хрысціянская ініцыятыва “Open Doors” заклікала да малітвы за іранскіх хрысціян, якія маюць мужнасць і сілу казаць пра Езуса ў цяжкіх умовах пераследу.







All the contents on this site are copyrighted ©.